Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-ігнаценка:карабель-вясны:жывыя-барометры

Гэта старая версія дакумента!


Жывыя барометры

Летні поўдзень. У густым разнатраўі, якое падступае да самай вады, заклапочана гудуць пчолы. З аднаго берага затокі на другі раз-пораз таропка пералятаюць матылькі-бялянкі.
Душна. Рыба не бярэцца.
Я зірнуў на паплавок, што нерухома ляжаў на вадзе паміж дзвюма лілеямі, і тут жа ўбачыў, што кветкі чамусьці раптоўна закрылі свае пышныя бутоны. Чаму б гэта?
Я заўважыў, што лілеі нават паволі апускаюцца ў ваду.
Толькі белыя чубкі з вады бачны. А вось і зусім зніклі, ды так таропка, што сіняя страказа, што сядзела на адной з кветак, замачыла ў вадзе чорныя ножкі.
У хуткім часе глуха прагрымеў гром. Потым яшчэ. Я ўзняў галаву.
Па блакітнаму небу з-за лесу на раку хутка рухалася вялізная чорная хмара.
Будзе дождж.
Схавацца ад непагадзі не было дзе. А да палаткі было не блізка. I я паспяшаўся да густога лазовага куста на лузе.
Бліснула маланка, злосна прабурчаў гром. Першыя буйныя кроплі бойка залопалі па лістках куста.
Дождж узмацняўся. У куст таропка уляцела маленькая шэрая птушачка. Яна ўладкавалася ў метры ад мяне на галінцы, распусціла пёркі і сцішылася. Так мы з ёю тут удваіх і перачакалі дождж.
Калі ж выглянула сонца, запаліўшы ў мокрай траве тысячы рознакаляровых ліхтарыкаў, мы пакінулі сваё сховішча.
Я вярнуўся да вудачак. Гляджу – зноў белыя лілеі на вадзе плаваюць.
Праз нейкі час кветкі раскрылі свае снежна-белыя пялёсткі. На адзін з іх прысела мокрая пліска.
Пасля гэтага выпадку белыя лілеі сталі для мяне жывымі барометрамі. Сціснуліся кветкі пасярод дня, схаваліся ў ваду – быць дажджу. Няма ранкам на небе ніводнай хмаркі, і лілей нідзе не відаць у затоках – таксама на дождж. А ўжо калі яны белымі лебедзямі плаваюць на паверхні вады – будзе пагодлівы дзянёк. А гэта азначае, што і рыба добра будзе брацца.

Падобныя старонкі

  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе
творы/рыгор-ігнаценка/карабель-вясны/жывыя-барометры.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki