~~META: title = Жывыя барометры &keywords = дождж, лілеі, белыя, кветкі, вадзе, таропка, вады, куста, рыба, гром, плаваюць, ваду &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Жывыя барометры" &iftrue = nan ~~ ====== Жывыя барометры ====== Летні поўдзень. У густым разнатраўі, якое падступае да самай вады, заклапочана гудуць пчолы. З аднаго берага затокі на другі раз-пораз таропка пералятаюць матылькі-бялянкі.\\ Душна. Рыба не бярэцца.\\ Я зірнуў на паплавок, што нерухома ляжаў на вадзе паміж дзвюма лілеямі, і тут жа ўбачыў, што кветкі чамусьці раптоўна закрылі свае пышныя бутоны. Чаму б гэта?\\ Я заўважыў, што лілеі нават паволі апускаюцца ў ваду.\\ Толькі белыя чубкі з вады бачны. А вось і зусім зніклі, ды так таропка, што сіняя страказа, што сядзела на адной з кветак, замачыла ў вадзе чорныя ножкі.\\ У хуткім часе глуха прагрымеў гром. Потым яшчэ. Я ўзняў галаву.\\ Па блакітнаму небу з-за лесу на раку хутка рухалася вялізная чорная хмара.\\ Будзе дождж.\\ Схавацца ад непагадзі не было дзе. А да палаткі было не блізка. I я паспяшаўся да густога лазовага куста на лузе.\\ Бліснула маланка, злосна прабурчаў гром. Першыя буйныя кроплі бойка залопалі па лістках куста.\\ Дождж узмацняўся. У куст таропка уляцела маленькая шэрая птушачка. Яна ўладкавалася ў метры ад мяне на галінцы, распусціла пёркі і сцішылася. Так мы з ёю тут удваіх і перачакалі дождж.\\ Калі ж выглянула сонца, запаліўшы ў мокрай траве тысячы рознакаляровых ліхтарыкаў, мы пакінулі сваё сховішча.\\ Я вярнуўся да вудачак. Гляджу – зноў белыя лілеі на вадзе плаваюць.\\ Праз нейкі час кветкі раскрылі свае снежна-белыя пялёсткі. На адзін з іх прысела мокрая пліска.\\ Пасля гэтага выпадку белыя лілеі сталі для мяне жывымі барометрамі. Сціснуліся кветкі пасярод дня, схаваліся ў ваду – быць дажджу. Няма ранкам на небе ніводнай хмаркі, і лілей нідзе не відаць у затоках – таксама на дождж. А ўжо калі яны белымі лебедзямі плаваюць на паверхні вады – будзе пагодлівы дзянёк. А гэта азначае, што і рыба добра будзе брацца. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]]