~~META: title = Жнівеньскія лугі &keywords = птушак, лугах, паветра, сена, неба, жнівеньскіх, збіраюцца, крылы, лугавое, стог, цудоўна &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Жнівеньскія лугі" &iftrue = nan ~~ ====== Жнівеньскія лугі ====== Не магу чамусьці без хвалявання глядзець на жнівеньскія лугі. Адчуваецца ў іх у гэты час нейкая незразумелая табе прыціхлая задуменнасць і прыгажосць.\\ Высокія травы скошаны. На месцах шырокіх пракосаў па ўсёй пойме ракі, наколькі можна ахапіць вокам, узняліся стагі духмянага сена.\\ Вось адзін. Паглядзіш збоку на яго, а ён быццам бронзавая статуэтка на зялёным аксаміце стаіць. Побач – стог-волат: дзябёлы, з заліхвацка ссунутай набок сабалінай шапкай. А вось стог-дзядок – нізенькі такі, каржакаваты, з гарбінкай на спіне.\\ Добры стог скідаць умее далёка не кожны. Гэта на высокім месцы. А на нізіне, якая затапляецца восенню вадою, патрабуецца ўдвая больш умельства. Тут раней варта зрабіць трывалае навясное стажар’е з лазовых альбо альховых галінак. I ўжо толькі тады закладваецца яго аснова. Такі стог збоку здаецца падвешаным да неба. Пад яго можна падлезці дзесятку чалавек і цудоўна там правесці ціхую жнівеньскую ноч альбо схавацца ад непагадзі.\\ Надзвычай шмат на жнівеньскіх лугах розных птушак. Ці то шэрая варона, аб чымсьці задумаўшыся, на жэрдцы стога сядзіць. Альбо ястрабок з вышыні мышэй высочвае. Даверлівы канюк насвіствае, пазіраючы па баках.\\ Тут, на лузе, можна сустрэць шпакоў, галак, розных кулікоў, кнігавак, качак, чапляў, плісак. Шпакі, разам з варонамі і галкамі, вялікімі чародамі пералятаюць з аднаго месца на другое, адшукваюць у мяккай глебе лічынак розных насякомых і чарвей. Так увесь дзень і трымаюцца на лузе. Надвячоркамі ж усе гэтыя мнагалікія народы і чародкі збіраюцца ў адну агульную, у якой нярэдка бывае да тысячы птушак і болей, узнімаюцца ў неба і ляцяць на ноч у густыя непралазныя зараснікі к лазняку за ракой. Ад вялікага зборышча птушак лугавое паветра злёгку, здаецца, пагойдваецца.\\ На больш нізкіх месцах можна ўбачыць і белых буслоў. З году ў год яны, перад адлётам у цёплыя краі, з усіх навакольных вёсак і вёсачак збіраюцца на раскошныя прыбярэзінскія лугі.\\ Аднойчы я іх за жанчын палічыў, якія, як мне падалося, зграбалі сена. I як жа я быў здзіўлены, калі гэтыя «жанчыны» раптам узмахнулі крыламі і разам ўзняліся ў паветра.\\ Перад вялікай і адказнай дарогай на поўдзень, на жнівеньскіх лугах буслы нагульваюць тлушч, трэніруюць маладыя крылы. Дзеля гэтага яны цёплымі пагодлівымі днямі забіраюцца на галавакружную вышыню і там, аж пад самымі аблокамі, раскінуўшы пругкія крылы, вялікімі кругамі лунаюць над парыжэлымі лугамі і пожнямі.\\ Шмат у жніўні на ўбраных лугах саўгаснай жывёлы. Час ад часу то з аднаго боку, то з другога чуваць залівісты спеў трубы альбо гучны, патрабавальны крык пастухоў. Уся жывёла ўкормленая, гладкая. У гэты час, па ўсёй пойме лугавое паветра цудоўна пахне цёплым каровіным малаком і духмяным сенам. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]]