~~META: title = Гняздо галубоў &keywords = гняздо, збудаваў, птушкі, жыццё, яйкі &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Гняздо галубоў" &iftrue = nan ~~ ====== Гняздо галубоў ====== Птушкі, як і мы, людзі, па-рознаму ставяцца да будаўніцтва свайго жылля. Адны з іх, як, напрыклад, сініца-рэмез, берасцянка, івалга, пеначка-ценькаўка і тая ж усім вядомая сарока, адмысловыя архітэктары. Яны будуюць сапраўдныя лясныя святліцы, у якіх зручна жыць і гадаваць птушанят. Другія ж, як кнігаўка, вальдшнэп, ляляк і шмат якія кулічкі, прытопчуць крыху сухую траўку альбо мінулагодняе лісце – вось і гняздо. Іншыя ж і гэтага не робяць. Яйкі кладуць проста на зямлю альбо на мяккую пацяруху ў дупле.\\ Вось так і дзікі голуб. Накідае бязладна туды-сюды на сучках хвойкі альбо дуба сухіх галінак – і гняздо гатова.\\ Сядзе птах на прыкметную галінку непадалёк ад свайго збудавання і давай на ўвесь лес хваліцца:\\ – Гняздо збудаваў! Гняздо збудаваў, во!\\ Ды з якім гонарам, фанабэрыстасцю, быццам лепшага гнязда, як у яго, і ва ўсім лесе не знойдзеш. А там і глядзець, па сутнасці, няма на што. Не гняздо, а дзіравае рэшата. Зірнеш знізу і праз яго неба ўбачыш. I толькі здзіўляешся, як у такім гняздзе яйкі будуць трымацца?\\ Не, думаеш, не знайсці табе, сізы голубе, гаспадыні. У такіх «харомах» давядзецца, бедачыне, усё жыццё ў адзіноце век векаваць.\\ Прыходзіш праз некалькі дзён у лес, глядзіш, а ў гняздзе-рэшаце ўжо два беленькія яечкі ляжаць. Тут жа і шэрая галубка ўвіхаецца.\\ Праз тыдні тры з яечак з’явяцца на свет два галубяняткі – кволыя такія. Але з гнязда-рэшата, як ні дзіўна, усё ж не вывальваюцца, нейкім цудам трымаюцца ў ім.\\ Непрыкметна птушаняты вырастуць і пакінуць сваё жыллё. А наступнай вясною ўсё паўторыцца. Маладыя птушкі збудуюць сабе дакладна такое ж, ніколькі не лепшае і не горшае, як у бацькоў, рэшата-гняздо і пачнуць сваёю справай захапляцца:\\ – Гняздо збудаваў! Гняздо збудаваў, во!\\ Жыццё працягваецца. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]]