~~META: title = Гасцінец &keywords = лесе, гасцінец, арэх, птушка, шчыліну, попаўзень &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Гасцінец" &iftrue = nan ~~ ====== Гасцінец ====== Ёсць у мяне ў лесе адна любімая палянка. А на гэтай палянцы, бы той табурэт, сухі пянёк. Не адну я на ім вясну сустрэў, не адну восень праводзіў. Насупраць гэтага пянька стаіць чэзлая асінка, уся падзяўбаная дзятламі.\\ Вось сяджу я неяк веснавым днём на сваім пні і лясную гамонку слухаю, дыхаю водарам расліннасці, што абудзілася ад зімовага сну.\\ Раптам на асінку попаўзень сеў. Спінка ў птушкі блакітная, брушка светлае, зграбны куртаты хвосцік. У дзюбцы птах, бачу, лясны арэх трымае. Вось ён спрытна ўторкнуў яго ў шчыліну ў кары і на мяне цікаўна пазірае. Быццам сказаць хоча: во, гасцінец табе прынёс. Бяры яго, вельмі смачны.\\ Птушка тоненька ціўкнула і знікла ў лесе.\\ – Ну і попаўзень, ну і штукар! – падзівіўся я. – I дзе ён яго толькі знайшоў цяпер, вясной?!\\ Я ўзяў гасцінец. Не арэх, а цуд – буйны такі, важкі. Так і хочацца пакласці на зубы.\\ Пакруціў я гасцінец у пальцах ды назад ў шчыліну паклаў. Каб гэта восенню, дык можна б было з’есці. Ці ж мала іх у лесе. А зараз, вясною, калі ў звяроў і птушак усе запасы канчаюцца, нельга. Гэта ж для птаха сапраўдная знаходка. Няхай птушка лепей сама яго спажыве. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]]