~~META: title = Апошні узлёт чаплі &keywords = вады, сокал, чапля, пачала, птушка, надвячорак, птушкі, піць-палоць, ракой, ракі, вудачкамі &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Апошні узлёт чаплі" &iftrue = nan ~~ ====== Апошні узлёт чаплі ====== Я сяджу з вудачкамі на беразе ракі.\\ Над спакойнай роўняддзю бірузовай вады гулліва носяцца ластаўкі-беражанкі. Яны пралятаюць над самымі вудачкамі, амаль дакранаючыся да іх попельнымі крыльцамі.\\ Шмат ластавак сабралася на закаце дня. Перш чым ляцець на ноч у густы лазняк за ракой, яны яшчэ доўга купаюцца ў пасвяжэлым паветры, напаўняючы наваколле мяккім шчабятаннем.\\ Гэта быў цудоўны надвячорак. Усё жывое на рацэ радавалася яго спакою і цеплыні. У хмызняку за ракой нязмоўкла трашчалі чарацянкі-цвыркуны, чокалі лугавыя чэканы, у атаве заўзята крычала перапёлка: піць-палоць, піць-палоць. Час ад часу на паверхні вады ўтвараліся вялікія і малыя кругі – гуляла рыба.\\ Нават чапля – гэтакая нязграбная і панурая птушка – і тая, узняўшыся на галавакружную вышыню, пачала там весела куляцца.\\ Здараецца іншы раз, што курыца раптам возьме ды і заспявае пеўнем. Такую курыцу абавязкова чамусьці рэжуць. Калі чалавек робіць што-небудзь такое надта нязвыклае для ўсіх, яго папярэджваюць: «Глядзі, наспяваеш на сваю галаву, як тая курыца». Маўляў, наклікаеш на сябе бяду.\\ Нешта падобнае здарылася і з чапляй. Раптам з-за вялікага дуба, што стаяў па той бок ракі, вынырнуў сокал-сапсан.\\ Гэты люты драпежнік звычайна забівае сваю ахвяру на ляту і нясе ў гняздо. Калі ж ахвяра дакранулася зямлі альбо вады, сокал ніколі не падніме яе.\\ Убачыўшы грознага драпежніка, чапля разгублена замітусілася.\\ Сокал з хуткасцю маланкі прамільгнуў каля яе, і з беднай птушкі, нібы з той распоранай падушкі, паляцела ўніз пер’е.\\ Чапля, сударгава ўзмахнуўшы крыламі, пачала падаць уніз, да вады. Сокал развярнуўся, яшчэ раз праляцеў каля птушкі, але браць яе чамусьці, не стаў, адляцеў убок.\\ Я пачаў таропка распранацца, каб дапамагчы бедалазе. Але птушка разы са два вынырнула на паверхню вады і назаўсёды знікла ў бездані Бярэзіны.\\ I жнівеньскі надвячорак неяк разам пабляк, згубіўшы сваю ранейшую прывабнасць і хараство. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]]