~~META: title = Апошні лісток &keywords = лісток, ціхан, падышоў, дрэва, акна, ўгору, вышэй, птушак, глядзеў, жоўты &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Апошні лісток" &iftrue = nan ~~ ====== Апошні лісток ====== Стаяла глыбокая восень. Дрэвы і хмызнякі даўно ўжо вызваліліся ад лісця. I калі часам налятаў халодны паўночны вецер, то яны незадаволена стукалі чорным голлем, наводзячы смутак на чалавека і жывёлу.\\ У доме ранкам пацелі вокны. Я падыходзіў да аднаго з іх, праціраў верхнюю шыбіну і доўга глядзеў на маладую бярозку. Маю ўвагу прыцягваў адзінокі лісток на ёй. Глядзеў я на гэты жоўты агеньчык у чорнай кроне голага дрэва, і мне думалася чамусьці, быццам прычынай запозненай восені быў менавіта гэты апошні лісток.\\ Аднойчы я падышоў да акна і ўбачыў на бярозе суседскага ката Ціхана. Ён адчайна круціў галавой, пазіраючы ўгору. Я падумаў, што кот на птушак палюе. Але птушак не было відаць.\\ Ціхан узбіраўся па галінках, быццам па драбінцы, усё вышэй і вышэй.\\ Вось ужо ён амаль на самай макаўцы. Паспрабаваў яшчэ падняцца, але тонкая галінка моцна гайданулася, і кот стаіўся на месцы. Калі яна перастала хістацца, Ціхан крышачку падцягнуўся ўгору і ўдарам лапы збіў жоўты лісток. Паволі кружачыся, ён мякка лёг на сырую асеннюю зямлю пад бярозкай. Ціхан задаволена паглядзеў з вышыні па баках, потым спрытна спусціўся з дрэва і знік за домам.\\ На другую раніцу я па звычцы зноў падышоў да акна. Гляджу – бярозка беленькая ўся, быццам у мяккае футра апранулася. Я выйшаў з дому. Усё наўкол было заслана белай коўдрай. А на вуліцы на першым мяккім сняжку выразна адбіліся сляды паляўнічых. Яшчэ з прыцемкамі яны пайшлі па першай парошы шаракоў з лісамі шукаць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]]