~~META: title = Рыгор Крушына — Ці пачуе... &keywords = пачуе, вуліцы &abstract = Чытаць верш Рыгора Крушыны "Ці пачуе..." &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Крушына — Ці пачуе... ====== Ці пачуе плач выгнанніка\\ Там у далечы яна?\\ Можа боль ад вытню праніка,\\ Ад крутні верацяна\\ Заглушае тое ўтойнае,\\ Што ў грудзёх тугой пяе.\\ Маладосць высокамройная\\ Мае клопаты свае...\\ Я пакінуў хату бедную,\\ Бы няўцешную ўдаву,\\ I цяпер я сам не ведаю,\\ Як існую, як жыву.\\ Праз нягоды разгубіліся\\ Сваякі, сябры, сям'я.\\ Толькі вершы пульсам біліся,\\ I ці раз маліўся я:\\ Дзякуй Богу, што занесены\\ На шчаслівую зямлю.\\ Ды адно – ўсім сэрцам песенным\\ Я няшчасную люблю,\\ Тую – сёння зрабаваную, –\\ На якой радзіўся, рос,\\ На якой знайшоў каханую\\ У маім заплёце кроз...\\ Цвёрда, крокамі бадзёрымі\\ Я па вуліцы іду.\\ Пад мурамі-хмарадзёрамі\\ Валаку сваю бяду.\\ Набягае смутак кручаны,\\ Кураць пылам камяні.\\ Прыгадаў сады я Случчыны\\ I лагоду цішыні...\\ А ізноў над камяніцамі\\ Неба выдзерты шкумат.\\ Гэта-ж вочы любай выцвілі\\ Ў злую восень акурат.\\ Так душа мая, прарочыца\\ Прышлых дзён, снуецца ў сне.\\ Незнаёмы горад мрочыцца\\ I гамоніць галасней.\\ Мне здаецца: гмахі хіляцца,\\ Абдымаюцца яны.\\ I зыходзяцца, як сківіцы,\\ Дзве даўжэзныя сцяны.\\ Абцугі каменнай вуліцы\\ Ціснуць, муляюць мяне.\\ Свет па гэтым не хвалюецца...\\ I жыццё далей імкне.\\ \\ 1954 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-крушына]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-чалавек]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-секстына]] * [[постаці/рыгор-крушына]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-тэрцыны]]