~~META: title = Рыгор Крушына — Усюды дарогі &keywords = усюды, дарогі, чужыя, дарога &abstract = Чытаць верш Рыгора Крушыны "Усюды дарогі" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Крушына — Усюды дарогі ====== Усюды дарогі, дарогі, дарогі...\\ Бяздомны вандроўнік не мае прыпынку.\\ Чужыя пад’езды, чужыя парогі,\\ I голас уяўны: – Ці вернешся, сынку?\\ \\ Дарогі каберцам ляглі на даліны,\\ На стэпы, пустэчы, на горныя лукі.\\ Дарогі даюць дарагія хвіліны\\ Шчаслівай сустрэчы і горкай разлукі.\\ \\ Мой дух неспакойны, упарты, палётны\\ Імкнецца ў нязнаныя пушчы і нетры.\\ Вунь сцеляцца роўна асфальту палотны,\\ Тут – рэйкі чыгунак, там – трасы ў паветры.\\ \\ Я сёння ў Мадрыдзе, а заўтра ў Нью-Ёрку.\\ Пакіну пачуцці па добрых краінах.\\ Ёсць песні на ўзмор’і, узлессі, узгорку,\\ Гучаць на пяскох, на ссівелых руінах.\\ \\ А ўсё-ж наймілейшая песня, што зроду\\ Я чуў ад бацькоў, і я ў тым прызнаюся:\\ Яна не сціхае на вуснах народу\\ Маёй сэрцагрэйнай жывой Беларусі.\\ \\ Не сціхне яна і ў далёкай дарозе.\\ Я буду спяваць, падбіраючы словы.\\ Мне цёпла ў паэзіі, холадна ў прозе\\ I горача ў гомане роднае мовы.\\ \\ Па свеце праменнем кладуцца дарогі,\\ Расце хараство на зямлі і на моры.\\ I я ў падарожжы не маю знямогі,\\ У працы штодзённай не ведаю зморы.\\ \\ Радкі на паперы – таксама дарогі,\\ На іх непрыкметна губляюцца сілы.\\ Парадак жыцця непахісны і строгі.\\ Дарога апошняя – шлях да магілы.\\ \\ I згадка міжвольная: бацькава хата,\\ Гародчык з півоняй, гарошкам і макам.\\ Усё гэтак міла, так ласкі багата,\\ I слуцкая бэра прынаджвае смакам.\\ \\ У сэрцы хаваючы жаль і трывогу,\\ Кажу суцяшальна сабе я самому:\\ – Бяду перажыў. Уцалеў, дзякуй Богу.\\ А можа дарога спрастуе дадому. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/рыгор-крушына]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-крушына]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-тэрцыны]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-чалавек]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-секстына]]