Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-крушына:рыгор-крушына-слова

Гэта старая версія дакумента!


Рыгор Крушына — Слова

Шырокім спэктрам вычуваньня
Цябе я, слова, пазнаю.
I смак, і пах, і гукаў граньне,
I радасьць творчую маю,

I розных хварбаў пералівы,
I маладосьці эліксір,
I залатыя нашы нівы,
I жар, і неспакойны вір —

Я ўсё тут бачу, адчуваю,
Ствараю словам навіну.
Я чую голас майго краю,
Жывых эмоцыяў вайну.

Узяць на смак, напрыклад, слова
Такое горкае — «палын».
Здаецца, вуліцай вясковай
Настой травы паўзе паўз тын.

А нехта цэдзіць слоў рыцыну.
Ды ёсьць салодкія, як мёд…
Цябе я, слова, не пакіну, —
Люблю я твой крылаты ўзьлёт:

Ты падымаеш чалавека
I ў сьвет загадваеш ісьці.
Ты лечыш хворага спрадвеку,
Б'еш злога ворага ў жыцьці.

I зьзяеш яснай бліскавіцай,
I вееш цёплаю вясной…
Вянком па сьмерці будзеш віцца,
Гарэць агнём, жыцьцём і мной.

Падобныя старонкі

  • роднае-слова
  • іншае/слова-пра-паход-ігаравы
  • цана-слова
  • слова
  • хто-ж-аўтар-слова-пра-паход-ігаравы
творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-слова.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki