творы:рыгор-крушына:рыгор-крушына-родныя-гукі
Гэта старая версія дакумента!
Рыгор Крушына — Родныя гукі
Зноў абуджаюцца родныя гукі,
Я не самотны - натхненьне са мной.
Думка трывожная ў часе разлукі
Цягнецца звонкай ігранай струной.
Слова, што ўладна і ладна ўплялося
Ў лёс мой, жыцьцё і пачуцьці мае, -
Як на палёх пад вятрамі калосьсе,
Бурнаю хваляю сёньня ўстае.
Слова сьпявае. Палае. Чаруе.
Матчын запеў - нясуцішны - у ім.
Я пазнаю гэту праўду старую.
Сьвет, цэлы сьвет б'ецца ў сэрцы маім.
Хочацца добрае ў песьню укласьці!
Я перажыў колькі сьветлых гадзін.
Слова мяне ратавала ў няшчасьці
I суцяшала, што я не адзін.
Зноў я праходжу праз творчыя мукі,
I зацьвітаю вішнёвай вясной.
I абуджаюцца родныя гукі…
Я не самотны, бо слова са мной.
Падобныя старонкі
- роднае-слова
- слова
- рыгор-крушына/рыгор-крушына-слова
- іншае/слова-пра-паход-ігаравы
- хто-ж-аўтар-слова-пра-паход-ігаравы
творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-родныя-гукі.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1