~~META: title = Рыгор Крушына — Да цябе, дарагая &keywords = смутак, твае, дарагая, толькі, цябе &abstract = Чытаць Рыгора Крушыны "Да цябе, дарагая" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Крушына — Да цябе, дарагая ====== Дзень нахмурыўся, плача і жаліцца.\\ Родзіць смутак. Сляза на вакне.\\ Чую – маці пяшчотнымі пальцамі\\ Ціха, прывідна лашчыць мяне.\\ \\ Сэрцу мірсціцца даўнае, роднае!\\ Толькі боль узрастае ўдвая:\\ За паўсветам, за далеччу воднаю\\ Ты гаруеш, матуля мая.\\ \\ Душыць крыўда... Ніякімі лекамі\\ Не загоіцца смутак душы.\\ Заспявай нашы песні, як некалі,\\ I за сына малітву скажы.\\ \\ Акіянскія горка-салоныя,\\ Перамерыўшы мілі, вятры\\ Прынясуць твае словы ў зялёныя\\ На ўзбярэжжы сады-гушчары.\\ \\ I як толькі ізноў распагодзіцца,\\ Я паеду за горад, і там –\\ У кляновых прысадах ваколіцы –\\ Тваё гора ссяку папалам.\\ \\ На гадзіну пазбаўлюся негадзі\\ Адзіноцтва, тугі і турбот...\\ Паплывуць мае думкі, як лебедзі,\\ Да цябе, дарагая, на ўсход.\\ \\ 1953 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-секстына]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-крушына]] * [[постаці/рыгор-крушына]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-тэрцыны]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-чалавек]]