~~META: title = Рыгор Крушына — Белая нявіннасць &keywords = люблю, спяваю, весніцаў, навошта &abstract = Чытаць верш Рыгора Крушыны "Белая нявіннасць" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Крушына — Белая нявіннасць ====== Была вясна. Былі заручаны.\\ I каля весніцаў спатканні.\\ I ўсё было вязьмом закручана:\\ Пагляд, усмешка і прызнанні.\\ \\ Язмін і дзеўчына. Нявінныя...\\ Салодка вохныя і ў белым.\\ Навошта гэтыя ўспаміны я\\ Спяваю часам агрубелым?\\ \\ Навошта мучыцца пачуццямі\\ Высокіх чыстых парыванняў?\\ Маю душу закаламуцілі,\\ Звягае старасць на выгнанні.\\ \\ Стаптаць прыгожае і добрае,\\ Сябе самога знеахвоціць.\\ Паўзе з закуцця, ўецца кобраю\\ Нянавісць, чорнае страхоцце.\\ \\ I разяўляе пашчу шырака\\ I сык чуцён з багновай тхлані:\\ – Нам не патрэбна Ваша лірыка\\ Пра вёсны, кветкі і каханне...\\ \\ Дармо! Спяваю і не слухаю\\ Пустых гамзатых лемантацый.\\ Хачу, падбіты завірухаю,\\ Часінку радасна смяяцца.\\ \\ Пайду ў мой кветнік, абмінаючы\\ Балота, зараслі калючак.\\ Люблю я сонца, шыр і далечы,\\ Люблю я слова так балюча.\\ \\ Яго шліфую, перасоўваю\\ 3 радка ў радок дзеля парадку.\\ Ізноў гарыць півонь пунсовая,\\ Цвітуць настуркі, мак і браткі.\\ \\ Із гэтых кветак водыр выстаяў,\\ Гаючы подых Беларусі.\\ Яна жыве, мая квяцістая,\\ У жалю матчыным, у скрусе.\\ \\ Жаданы час надыйдзе. Здзейсніцца.\\ Хай не са мной, а з маім сынам.\\ Стаяцьме зноў ля родных весніцаў\\ Былая белая нявіннасць.\\ \\ 1955 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-чалавек]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-крушына]] * [[постаці/рыгор-крушына]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-тэрцыны]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-секстына]]