~~META: title = Рыгор Барадулін — Яна адна... &keywords = зямля, бацькоў, матуль, краса світання, сцяг &abstract = Верш Рыгора Барадуліна "Яна адна..." &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Яна адна... ====== Яна адна,\\ Зямля вякоў,\\ Адкуль\\ Жыццё пачатак брала\\ Шчырай верай.\\ Здалёк відна\\ Зямля бацькоў,\\ Матуль,\\ Дзе песня б’ецца\\ Перапёлкай шэрай.\\ \\ У курганах,\\ Што выраслі з былін,\\ Спачылі\\ З поля подзвігу ратаі.\\ У туманах\\ Тугі спрадвечны клін\\ На гнёзды шчасця\\ Выраі вяртае.\\ \\ Краса ўзышла\\ Аднойчы назаўжды,\\ Закрасавала ў душах\\ І ў паглядах.\\ Прамень святла,\\ Струмень жывой вады\\ Закаласіўся\\ На ачахлых лядах.\\ \\ Світання сцяг\\ Над цемрывам начы\\ Расчырванеўся\\ Радаснаю стомай,\\ І на губах,\\ Крамяна пахнучы,\\ Застаўся яблык\\ Ранішняй аскомай.\\ \\ На смерць ішлі\\ За гэтую зямлю,\\ За гэтую красу,\\ За сцяг світання\\ Сыны зямлі,\\ Каб засланіць раллю,\\ З якой нязломнасць\\ Збажыною ўстане.\\ \\ Пакуль у нас\\ Пяшчотаю матуль\\ І рупнасцю бацькоў\\ Сагрэты далі,\\ Не посвіст куль,\\ А галасы зязюль\\ Лічыць гадоў чароды\\ Не прысталі.\\ \\ 1983 **Аналіз верша** У гэтым вершы знаходзіць паэтычнае ўвасабленне тэма Радзімы і спадчыны. Па-за Бацькаўшчынай паэт і яго лірычны герой не ўяўлялі жыцця. Радзіма ў чалавека на ўсё жыццё адна: «Яна адна, %%//%% Зямля вякоў, %%//%% Адкуль %%//%% Жыццё пачатак брала...» Беларусь, на думку паэта, святое месца на зямлі, сагрэтае пяшчотай беларускіх матуль, рупнай працавітасцю бацькоў. Рыгор Барадулін выяўляў сваю шчырую і клапатлівую любоў да Беларусі, слыннай старажытнай зямлі, дзе ўсё яму дарагое і роднае: і песня, і быліны, і курганы, у якіх «спачылі %%//%% З поля подзвігу ратаі». Майстар слова нагадваў, што невыпадкова і птушкі з далёкіх і цёплых краін вяртаюцца на «гнёзды шчасця» ў родны край. Пачуццё любові да Радзімы няпроста выказаць нават узнёслым паэтычным словам. Для Р. Барадуліна Беларусь – вечная краса, «прамень святла», «струмень жывой вады», хлебны колас: Краса ўзышла\\ Аднойчы назаўжды,\\ Закрасавала ў душах\\ І ў паглядах.\\ Прамень святла,\\ Струмень жывой вады\\ Закаласіўся\\ На ачахлых лядах. Паэт згадваў гераічную гісторыю беларускай зямлі: «На смерць ішлі %%//%% За гэтую зямлю, %%//%% За гэтую красу, %%//%% За сцяг світання %%//%% Сыны зямлі...» Таленавіта, трапна, узрушана паэт гаварыў пра мужнасць і самаахвярнасць беларусаў, што вызвалілі ад чужынцаў родную «раллю, %%//%% З якой нязломнасць %%//%% Збажыною ўстане».\\ Апошняя страфа верша гучыць як напамін і запавет сучаснікам і нашчадкам захоўваць вольнай родную зямлю: каб не свісталі над ёй кулі, каб зязюлі не стамляліся лічыць гады шчаслівага жыцця адвечнай беларускай зямлі і яе народа. У вершы далікатна і эмацыянальна выяўлена прыгожае духоўнае аблічча лірычнага героя – шчырага патрыёта, вернага сына беларускага краю. Ідэя незалежнасці, неўміручасці Бацькаўшчыны вызначальная ў гэтым творы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны]] * [[постаці/рыгор-барадулін]] * [[творы/рыгор-барадулін/дзіцячая-паэзія-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с]]