Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-як-восень-дрэвы-ашукала

Гэта старая версія дакумента!


Рыгор Барадулін — Як восень дрэвы ашукала

Вяслуюць крыламі буслы,
Плывуць,

плывуць
над светам.

Атаваю,
Іржышчам злым
Пайшло упрочкі лета.

Свае ўладанні
На зары
Абходзіць восень важна,
Заходзіць у лясы,
Бары
Ды ціха дрэвам кажа:
– Паабшарпаліся зусім,
Апратка ў вас старая,
На сонцы выцвіла.
Усім
Я вам зычліва раю:
Хутчэй скідайце лахманы,
Азябнеце ў тумане!
Я ж прынясу вам без маны
Навюткае убранне.
Усю зіму
Сястра вясна
За морам кроены ткала,
I з раннім выраем яна
Тканіну пераслала.

Спяшаў, ляцеў
Да гнёзд сваіх
Гарласты гурт грачыны,
Аднак не мог забраць усіх
Сувояў зеляніны.
Я запрагу вятроў
I ўраз,
Ледзь толькі сонца ўстане,
З-за мора прывязу для вас
Навюткае убранне…

Гарыць агонь
Па ўсёй зямлі
На возеры,
Ў канаўцы –
Кляны
Сям’ёю пачалі
Маўкліва распранацца.

I ясень
Прыклад даў вярбе.
Рабіны сумавалі,
Адно пакінулі сабе
Гарачыя каралі.

Дрыжыць:
– Не трапіць у бяду б! –
Асіна ўся са страху.
I расшпіліў
Плячысты дуб
Цяжкую апранаху.

Адкуль узяўся той вятрэц,
Як ухапіў за полы.
Дуб-тугадум,
Стары мудрэц,
Стаяць застаўся голы.

У восені
Зашмат турбот
I ніякой падмогі.
Пакуль праверыла ўмалот,
Паразмяла дарогі…

Пакуль яна
Знайшла вятроў –
Пасліся ў лузе недзе, –
Пакуль запрэгла, –
З-за лясоў
Мароз са снегам едзе.



Крыніца : Барадулін Р. Ішоў коця па канапе: Вершы, загадкі і адгадкі, казкі-пераказкі: Для малод. шк. узросту / Маст. М. Казлоў. – Мн.: Полымя, 1997. – 271 с.

Падобныя старонкі

  • алесь-гарун/алесь-гарун-восень
  • уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-залатая-асенняя-раніца
  • восеньскія-песні
  • ніна-мацяш/ніна-мацяш-восень
  • алесь-салавей/алесь-салавей-восень
творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-як-восень-дрэвы-ашукала.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki