~~META: title = Рыгор Барадулін — Як восень дрэвы ашукала &keywords = убранне, плывуць, навюткае, вятроў &abstract = Чытаць верш Рыгора Барадуліна "Як восень дрэвы ашукала" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Як восень дрэвы ашукала ====== Вяслуюць крыламі буслы,\\ Плывуць, плывуць\\ над светам. Атаваю,\\ Іржышчам злым\\ Пайшло упрочкі лета.\\ \\ Свае ўладанні\\ На зары\\ Абходзіць восень важна,\\ Заходзіць у лясы,\\ Бары\\ Ды ціха дрэвам кажа:\\ – Паабшарпаліся зусім,\\ Апратка ў вас старая,\\ На сонцы выцвіла.\\ Усім\\ Я вам зычліва раю:\\ Хутчэй скідайце лахманы,\\ Азябнеце ў тумане!\\ Я ж прынясу вам без маны\\ Навюткае убранне.\\ Усю зіму\\ Сястра вясна\\ За морам кроены ткала,\\ I з раннім выраем яна\\ Тканіну пераслала.\\ \\ Спяшаў, ляцеў\\ Да гнёзд сваіх\\ Гарласты гурт грачыны,\\ Аднак не мог забраць усіх\\ Сувояў зеляніны.\\ Я запрагу вятроў\\ I ўраз,\\ Ледзь толькі сонца ўстане,\\ З-за мора прывязу для вас\\ Навюткае убранне...\\ \\ Гарыць агонь\\ Па ўсёй зямлі\\ На возеры,\\ Ў канаўцы –\\ Кляны\\ Сям’ёю пачалі\\ Маўкліва распранацца.\\ \\ I ясень\\ Прыклад даў вярбе.\\ Рабіны сумавалі,\\ Адно пакінулі сабе\\ Гарачыя каралі.\\ \\ Дрыжыць:\\ – Не трапіць у бяду б! –\\ Асіна ўся са страху.\\ I расшпіліў\\ Плячысты дуб\\ Цяжкую апранаху.\\ \\ Адкуль узяўся той вятрэц,\\ Як ухапіў за полы.\\ Дуб-тугадум,\\ Стары мудрэц,\\ Стаяць застаўся голы.\\ \\ У восені\\ Зашмат турбот\\ I ніякой падмогі.\\ Пакуль праверыла ўмалот,\\ Паразмяла дарогі...\\ \\ Пакуль яна\\ Знайшла вятроў –\\ Пасліся ў лузе недзе, –\\ Пакуль запрэгла, –\\ З-за лясоў\\ Мароз са снегам едзе. \\ \\ Крыніца : Барадулін Р. Ішоў коця па канапе: Вершы, загадкі і адгадкі, казкі-пераказкі: Для малод. шк. узросту / Маст. М. Казлоў. – Мн.: Полымя, 1997. – 271 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-восень]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-залатая-асенняя-раніца]] * [[слоўнік/восеньскія-песні]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-восень]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-восень]]