~~META: title = Рыгор Барадулін — Экзамены &keywords = экзамен, выступаць, мама, лама, стойка, марскі, прыйшоў, насарог, шпаргалка &abstract = Верш Рыгора Барадуліна "Экзамены" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Экзамены ====== Страус змораны зусім\\ Ну і ну!\\ Ён паведаміў усім\\ Навіну.\\ \\ Лятуць,\\ Імчацца ў высі,\\ Плывуць,\\ Прастуюць,\\ Тупаюць, –\\ У ЦЫРКУ ПАЧАЛІСЯ\\ ЭКЗАМЕНЫ УСТУПНЫЯ!\\ \\ У дзверы не ламіся,\\ Сябе паводзь як след.\\ Па выкліку камісіі\\ Заходзь, цягні білет.\\ \\ КАМІСІЯ ГЛЮГАТАЯ,\\ ІКЛАТАЯ,\\ ПУЛЯТАЯ.\\ Ім, пэўна, свет не любы,\\ Аж трое села ў рад.\\ Насіць такія дзюбы\\ Згадзіўся б хто наўрад:\\ ТУКАН, МАРАБУ,\\ ЧАЎНАДЗЮБЕЦ\\ З іх жартаваць ніхто не любіць.\\ \\ Ад усіх старшынь не горш\\ Важны і спакойны МОРЖ.\\ \\ Бач, пяро тырчыць за вухам.\\ Каб сачыць за кожным рухам,\\ Нельга ёй без акуляр.\\ Гэта ж –\\ ПТУШКА-САКРАТАР!\\ \\ Плавае, а без лускі.\\ Хто такі ён?\\ ЛЕЎ МАРСКІ.\\ Смешна пляскае ў далоні,\\ Выступаць гатоў хоць сёння.\\ \\ Гэта што за велікан,\\ Хобат, як пад’ёмны кран?\\ Ну, вядома, дужы СЛОН.\\ Ці не праўда,\\ Смешны ён?\\ Паказаць задумаў стойку,\\ Атрымаў за стойку двойку.\\ \\ У вачах спакой, пагарда –\\ ТЫГРА, ЛЬВА і ЛЕАПАРДА\\ \\ Падганяе РЫЖЫ КОТ\\ Ды пагладжвае жывот.\\ Хоць ад злосці аж трасе,\\ Скачуць праз агонь усе.\\ \\ Кажа АНТЫЛОПА ГНУ:\\ – Я рагамі дугі гну.\\ Засмяяліся МЯДЗВЕДЗІ:\\ – Ты ў бярлогу спала недзе.\\ Мы ад дуг даўно адвыклі –\\ Кожны мчыць на матацыкле.\\ \\ Так і не злічыў БУЛЬДОГ,\\ Колькі ў СКАЛАПЕНДРЫ ног.\\ Пяцьдзясят ног –\\ Ведаў ДОГ,\\ Сябру ж памагчы не мог.\\ \\ Прыйшоў і жмурыць вочы.\\ Не думайце, што хворы, –\\ Прывык хадзіць уночы,\\ Днём спіць маленькі ЛОРЫ.\\ \\ Запыталіся ў МІНОГІ:\\ – Дзе твае, мінога, ногі.\\ Доўга думала МІНОГА –\\ Не змагла сказаць нічога.\\ \\ Прыскакаў МАРСКІ КАНЁК,\\ Паглядзеў на ўсё – і ўцёк.\\ Ледзь не збіў ён з перапуду\\ КАРАКАЦІЦУ-маруду.\\ \\ РЫБА-ПОЎНЯ не ў гуморы:\\ – Суха ў цырку,\\ Лепш у моры!\\ \\ Пастагналі цягачы,\\ Цяжка давялося\\ НАСАРОГА валачы\\ На сталёвым тросе.\\ А ягоная радня\\ Паспяшалася да дня.\\ Радуецца НАСАРОГ:\\ – Будзем выступаць утрох!\\ \\ Ну, а потым з БЕГЕМОТАМ\\ Селі на арэлі.\\ Абліваючыся потам,\\ Так і прасядзелі –\\ Ніхто нікога ўзняць не змог:\\ Ні БЕГЕМОТ, ні НАСАРОГ.\\ \\ КРАКАДЗІЛ сядзіць і плача:\\ Не рашылася задача.\\ Кажа сябру АЛІГАTАP:\\ – Выступаць я не аматар.\\ Плакаць ты знайшоў прычыну –\\ Лепей выпі аспірыну.\\ \\ Бачыць ВОЖЫК ДЗІКАБРАЗА:\\ – Гэта што мне за абраза?\\ Здзіўлены і ДЗІКАБРАЗ.\\ У абоіх іх ураз\\ Голкі вострыя, зірніце,\\ Сталі, быццам на магніце.\\ \\ Важныя прыйшлі БАБРЫ:\\ – Мы па дрэву разьбяры.\\ – Паспрабуй вас разбяры –\\ Потым прыйдзеце, сябры!\\ \\ Віртуозамі павінны\\ Стаць старанныя ПІНГВІНЫ.\\ Шлях прайшлі даўгі і цяжкі –\\ Пінжакі ў іх наапашкі.\\ \\ Ну хіба не цыркачы –\\ Спрытна круцяць абручы.\\ Даўгашыіх толькі так\\ Змог намаляваць мастак.\\ \\ Падвяла САРОКА ГАЛКУ,\\ ГАЛЦЫ кінула шпаргалку.\\ На экзаменах закон:\\ За шпаргалку –\\ З класа вон!\\ \\ Малыя сёстры Ламіны\\ Прыбеглі на экзамены.\\ Чакаюць ля дзвярэй яе,\\ А ЛАМА ўсё на «пяць» здае.\\ \\ Запыталі ЛАМУ:\\ – Як завуць маму?\\ Адказала ЛАМА:\\ – Гэта знае мама...\\ \\ А ў ПАВІЯНА і ГАМАДРЫЛА\\ Зайсці адвагі не хапіла.\\ Яны, старыя плеткары,\\ Шушукаюцца на двары.\\ \\ МАЛПАЧЦЫ маленькай хвост\\ Выдалі, як навырост.\\ Падрасла, і хвост падрос,\\ Гэтак смешна ёй –\\ да слёз.\\ \\ Стогнуць СОВЫ, ПУГАЧЫ –\\ Ведаў хоць бы крышку.\\ Лепей спалі б уначы,\\ Днём чыталі кніжку!\\ \\ Як ФЛАМІНГА танцавалі,\\ Стала ў момант ціха ў зале.\\ Для танцораў грала шчыра\\ Чарадзейка ПТУШКА-ЛІРА.\\ \\ Загнулі ПАПУГАЯМ дзюбы,\\ Цяпер хоць будзе ціха-люба.\\ Ды па-ранейшаму яны –\\ Няўседы і балбатуны.\\ \\ Прыйшоў рагач\\ – Завуць вас як?\\ Адказвае спакойна:\\ – ЯК.\\ Як гэта як?\\ А так вось – ЯК!\\ Не можа зразумець ніяк,\\ Ну як ён гэтак ЯК не ЯК.\\ І ставяць забі-\\ яку\\ Дрэнную адзнаку.\\ \\ Дрэсіруе змей МАНГУСТА.\\ Гэта праца ёй па густу.\\ Паслухмянай стала КОБРА –\\ Паганяла злую добра.\\ \\ Лятаюць КАЛІБРЫ\\ Уперад хвастамі,\\ З сукенак сваіх не нацешацца самі.\\ \\ Заспявалі ЖАБЫ хорам:\\ – Безгалосым сорам, сорам!\\ Кіраўнік адменны ЖОРАЎ,\\ Самы лепшы з дырыжораў.\\ \\ Сказаў МУРАШКАЕД-няўклюда:\\ – Чапаць мурашнікаў не буду.\\ Хаваецца МУРАШКА:\\ – Яму паверыць цяжка!\\ \\ Дужа вушы не тапыр –\\ Ты яшчэ малы, ТАПІР.\\ Мыйся з мылам і таксама\\ Станеш без палос, як мама.\\ \\ Ну хто касцюм пашые\\ АКАПІ без трывогі –\\ Як у жырафы шыя\\ І як у зебры ногі.\\ Нібыта з маскарада,\\ Прыйшла – і дужа рада.\\ \\ Ці ў шлях падаўся нашча,\\ Ці ў джунглях заблудзіўся,\\ Ды АФРЫКАНСКІ ЯШЧАР\\ Пазней за ўсіх з’явіўся.\\ \\ Ну, вядома, ЦІХАХОД –\\ Пройдзе кіламетр за год.\\ \\ Не спяшайся лепш дарма –\\ Больш экзаменаў няма.\\ Раз такі цельпукаваты,\\ Усміхайся вінавата.\\ \\ ХТО ЗДАЎ ЭКЗАМЕНЫ НЯДРЭННА,\\ ЧАКАЕ ШУМНАЯ АРЭНА.\\ \\ Прыходзьце ў цырк –\\ Здалёк відаць\\ Агнёў вясёлых водбліскі.\\ З САБОЮ, ДЗЕЦІ, ТРЭБА ЎЗЯЦЬ\\ І ШЧЫРЫ СМЕХ, І ВОПЛЕСКІ. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>пераможам-экзаменацыйны-стрэс]] * [[ibdc.ped>цырк-высокіх-тэхналогій]] * [[ibdc.ped>тэорыя-імавернасці]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-экзамен]] * [[ibdc.ped>у-цырку]]