Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-чалавек-не-ўзнікае-так

Гэта старая версія дакумента!


Рыгор Барадулін — Чалавек не ўзнікае так...

Чалавек не ўзнікае так –
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.

Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.

Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.

Аналіз верша
У спадчыне паэта многа вершаў, прысвечаных філасофскаму асэнсаванню прызначэння чалавека і сутнасці яго зямных спраў, вершаў – роздумаў над сапраўднымі, вечнымі каштоўнасцямі і каштоўнасцямі ўяўнымі. Народны паэт у вершы «Чалавек не ўзнікае так…» выказаў перакананне, што кожны з нас прыйшоў у гэты свет не выпадкова, а са сваім прызначэннем і талентам, якія недаравальна змарнаваць. Кожны з нас павінен «збыцца і адбыцца» як асоба, як грамадзянін і як прафесіянал у адпаведнасці з дадзеным дарам:

Чалавек не ўзнікае так –
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.

Важны сэнс паэтычнаму выказванню ў першай, а затым і ў другой страфе задаецца першым радком. Сапраўды, кожны з нас «не ўзнікае так»: усякі чалавек – спадчыннік свайго роду, сям’і, нашчадак далёкіх і блізкіх продкаў, дзядоў, прадзедаў, якія задоўга да нашага часу жылі на зямлі. Мы ім абавязаны сваім нараджэннем, рысамі характару і знешнасці, талентам, цікавасцю і схільнасцю да розных відаў чалавечай дзейнасці, напрыклад, да працы ратая-хлебароба, настаўніка, мастака-жывапісца, музы́кі… Мы, розныя па паходжанні, перакананнях, талентах, прыйшлі ў гэты свет, каб займацца добрымі і карыснымі справамі, здзейсніць свае мары, планы, спадзяванні, выканаць місію ўласнага жыцця і лёсу – «збыцца і адбыцца», як піша паэт.
Для грамадства і блізкіх людзей важна, каб кожны з нас, незалежна ад таленту і прызвання, быў чалавекам гарманічным, маральным, прыгожым, нёс у сабе духоўнае святло, сваёй прысутнасцю аздабляў гэты свет, рабіў яго лепшым.
У другой страфе верша паэт выказаў не менш важнае перакананне: чалавек не знікае бясследна, нават калі яго не стане. Аўтар ужыў трапнае параўнанне: чалавек не манета («пятак»), якую можна згубіць і не заўважыць. Паэт метафарычна разважаў пра выпрабаванні, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху кожнага. Гэта розныя цяжкасці, перашкоды, часта несправядлівыя крыўды, удары лёсу, якія кожны перажывае па-свойму: хто – з роспаччу і адчаем, хто – стрымана і годна. Перажытае адбіваецца на лёсе чалавека. Пра гэта паэт дакладна і вобразна пісаў: «Ён сціраецца аб дарогі, // Разбіваецца аб адчаі…» Акрамя таго, кожны з нас – дзіця свайго часу, веку, пэўнай эпохі, з яе трывогамі і ўзрушэннямі, якія праходзяць праз нашы душы і розум. Іншасказальная метафара аб веку, які прыручае чалавека, утрымлівае меркаванне паэта, што мы носьбіты свайго шматаблічнага веку, магчыма, і заложнікі свайго часу.
Гэты невялікі твор мае багатае ідэйна-філасофскае напаўненне. Верш прымушае задумацца і пра незваротнасць жыцця. Кожны павінен памятаць, што жыццё складанае і хуткаплыннае і важна паспець «стаць чалавекам», каб, адыходзячы ў іншы свет, спакойна і мудра ўсведамляць, што місія Чалавека выканана. А памяць пра сапраўдных людзей і іх добрыя справы не памірае.
Паэт Р. Барадулін геніяльна валодаў родным словам, па-майстэрску ўжываў вобразныя сродкі беларускай мовы, дасканала, глыбока ведаў яе бязмежнае багацце, адчуваў яго на ўзроўні генетычнай памяці. Шматлікія сінтаксічныя і гукавыя (фанічныя) паўторы, арыгінальная рыфмоўка і кампазіцыя верша надаюць гарманічнае гучанне ўсяму паэтычнаму выказванню, узбуйняючы асноўную філасофскую ідэю твора – каштоўнасць жыцця кожнага чалавека.

Падобныя старонкі

  • міхась-кавыль/міхась-кавыль-чалавек
  • ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-пра-ўваскрэсенне-душы-і-пе
  • чалавек-і-прырода
  • якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-
  • рэкі-і-людзі
творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-чалавек-не-ўзнікае-так.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki