~~META: title = Рыгор Барадулін — Чалавек не ўзнікае так... &keywords = чалавек, знікае, век &abstract = Верш Рыгора Барадуліна "Чалавек не ўзнікае так..." &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Чалавек не ўзнікае так... ====== Чалавек не ўзнікае так –\\ Ён збываецца, адбываецца\\ Як ратай,\\ Як дзівак,\\ Як мастак,\\ Ад якога свет адбіваецца.\\ \\ Чалавек не знікае так,\\ Бы ў кішэні вякоў пятак.\\ Ён сціраецца аб дарогі,\\ Разбіваецца аб адчаі,\\ Пераходзіць ва ўсе трывогі\\ Веку,\\ Што яго прыручае.\\ \\ Перш чым вочы заслоняць векам,\\ Чалавек хоча стаць чалавекам. **Аналіз верша**\\ У спадчыне паэта многа вершаў, прысвечаных філасофскаму асэнсаванню прызначэння чалавека і сутнасці яго зямных спраў, вершаў – роздумаў над сапраўднымі, вечнымі каштоўнасцямі і каштоўнасцямі ўяўнымі. Народны паэт у вершы «Чалавек не ўзнікае так...» выказаў перакананне, што кожны з нас прыйшоў у гэты свет не выпадкова, а са сваім прызначэннем і талентам, якія недаравальна змарнаваць. Кожны з нас павінен «збыцца і адбыцца» як асоба, як грамадзянін і як прафесіянал у адпаведнасці з дадзеным дарам: Чалавек не ўзнікае так –\\ Ён збываецца, адбываецца\\ Як ратай,\\ Як дзівак,\\ Як мастак,\\ Ад якога свет адбіваецца. Важны сэнс паэтычнаму выказванню ў першай, а затым і ў другой страфе задаецца першым радком. Сапраўды, кожны з нас «не ўзнікае так»: усякі чалавек – спадчыннік свайго роду, сям’і, нашчадак далёкіх і блізкіх продкаў, дзядоў, прадзедаў, якія задоўга да нашага часу жылі на зямлі. Мы ім абавязаны сваім нараджэннем, рысамі характару і знешнасці, талентам, цікавасцю і схільнасцю да розных відаў чалавечай дзейнасці, напрыклад, да працы ратая-хлебароба, настаўніка, мастака-жывапісца, музы́кі... Мы, розныя па паходжанні, перакананнях, талентах, прыйшлі ў гэты свет, каб займацца добрымі і карыснымі справамі, здзейсніць свае мары, планы, спадзяванні, выканаць місію ўласнага жыцця і лёсу – «збыцца і адбыцца», як піша паэт.\\ Для грамадства і блізкіх людзей важна, каб кожны з нас, незалежна ад таленту і прызвання, быў чалавекам гарманічным, маральным, прыгожым, нёс у сабе духоўнае святло, сваёй прысутнасцю аздабляў гэты свет, рабіў яго лепшым.\\ У другой страфе верша паэт выказаў не менш важнае перакананне: чалавек не знікае бясследна, нават калі яго не стане. Аўтар ужыў трапнае параўнанне: чалавек не манета («пятак»), якую можна згубіць і не заўважыць. Паэт метафарычна разважаў пра выпрабаванні, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху кожнага. Гэта розныя цяжкасці, перашкоды, часта несправядлівыя крыўды, удары лёсу, якія кожны перажывае па-свойму: хто – з роспаччу і адчаем, хто – стрымана і годна. Перажытае адбіваецца на лёсе чалавека. Пра гэта паэт дакладна і вобразна пісаў: «Ён сціраецца аб дарогі, %%//%% Разбіваецца аб адчаі...» Акрамя таго, кожны з нас – дзіця свайго часу, веку, пэўнай эпохі, з яе трывогамі і ўзрушэннямі, якія праходзяць праз нашы душы і розум. Іншасказальная метафара аб веку, які прыручае чалавека, утрымлівае меркаванне паэта, што мы носьбіты свайго шматаблічнага веку, магчыма, і заложнікі свайго часу.\\ Гэты невялікі твор мае багатае ідэйна-філасофскае напаўненне. Верш прымушае задумацца і пра незваротнасць жыцця. Кожны павінен памятаць, што жыццё складанае і хуткаплыннае і важна паспець «стаць чалавекам», каб, адыходзячы ў іншы свет, спакойна і мудра ўсведамляць, што місія Чалавека выканана. А памяць пра сапраўдных людзей і іх добрыя справы не памірае.\\ Паэт Р. Барадулін геніяльна валодаў родным словам, па-майстэрску ўжываў вобразныя сродкі беларускай мовы, дасканала, глыбока ведаў яе бязмежнае багацце, адчуваў яго на ўзроўні генетычнай памяці. Шматлікія сінтаксічныя і гукавыя (фанічныя) паўторы, арыгінальная рыфмоўка і кампазіцыя верша надаюць гарманічнае гучанне ўсяму паэтычнаму выказванню, узбуйняючы асноўную філасофскую ідэю твора – каштоўнасць жыцця кожнага чалавека. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-кавыль/міхась-кавыль-чалавек]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-пра-ўваскрэсенне-душы-і-пе]] * [[ibdc.ped>чалавек-і-прырода]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[ibdc.ped>рэкі-і-людзі]]