~~META: title = Рыгор Барадулін — Ці пазяхае бегемот? &keywords = бегемот, пазяхае, ідзіце, знаць, ахвоту, афрыцы, сябры, вядомы &abstract = Верш Рыгора Барадуліна "Ці пазяхае бегемот?" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Ці пазяхае бегемот? ====== Сяджу спакойна,\\ Без турбот.\\ Ды нехта шкроб у дзверы.\\ – Ці пазяхае бегемот? –\\ Пытае зайка шэры.\\ \\ Маўчу,\\ Вады набраўшы ў рот,\\ Прыкінуўся\\ Нязнайкай.\\ – Ці пазяхае бегемот? –\\ Зноў пакасіўся зайка.\\ \\ Разгладзіў вусы рыжы кот,\\ Яго ніхто не клікаў.\\ – Ці пазяхае бегемот? –\\ Прыжмурыўся мурлыка\\ \\ І крот,\\ Вядомы абармот,\\ Знайшоў нарэшце вочы.\\ – Ці пазяхае бегемот? –\\ Дазнацца дужа хоча.\\ \\ Бугай,\\ Аглухлы ад грымот,\\ Хацеў басці маланку.\\ – Ці пазяхае бегемот? –\\ Як зараве ля ганку.\\ \\ Настырны надта вы народ,\\ Дакучылі да смерці.\\ – Ці пазяхае бегемот?\\ Ідзіце ды праверце!\\ \\ – А дзе жыве\\ Той бегемот? –\\ Усе спыталі хорам.\\ – А там,\\ Дзе жыў ён дзвесце год.\\ Быць невукамі сорам!\\ Пакажа вам жыраф\\ Раку,\\ Дзе твань і цягамота.\\ Ідзіце проста ў Афрыку\\ Пабачыць бегемота.\\ \\ – Цяпер,\\ Вам дзякуй,\\ Знаем дзе.\\ У Афрыцы, вядома.\\ Ды хто\\ Туды нас павядзе,\\ Бо ў Афрыцы ж – не дома?!\\ Мы можам згінуць без пары,\\ Нас можа з’есці заедзь.\\ \\ – Вы ўсе разумныя,\\ Сябры,\\ А самы хуткі заяц...\\ Ідзіце.\\ Года не міне –\\ Здаволіце ахвоту.\\ Ды перадайце ад мяне\\ Вітанне бегемоту.\\ Вам сам\\ Шаноўны бегемот\\ Адкажа на пытанне.\\ \\ І дружна рушылі ў паход\\ Сябры\\ Назаўтра ўранні.\\ \\ Нялёгка пакідаць жытло,\\ Ды знаць усё –\\ Цікава.\\ То сонца ўперадзе ішло,\\ То некуды ўцякала.\\ \\ Сябе б саміх\\ Не ашукаць,\\ Ішлі,\\ Ва ўсіх пыталі,\\ Як бегемота адшукаць,\\ Альбо гіпапатама?\\ \\ Яго знайшлі нарэшце\\ Там,\\ Дзе нізка\\ Звісла неба.\\ Разбуджаны гіпапатам\\ Скрывіўся:\\ – Што вам трэба?..\\ \\ Якраз\\ Не ў час\\ Прыйшлі яны.\\ Не ў госці ж да суседа.\\ Таўшчэзны\\ Бегемот ляны\\ Драмаў пасля абеду.\\ \\ І гэткая дрымота\\ Найшла на бегемота,\\ Ён гэтак смачна\\ Пазяхнуў –\\ І ўсіх цікаўных\\ Праглынуў.\\ \\ Цяпер\\ Не маю я клапот.\\ А знаць каму ахвота,\\ Ці пазяхае бегемот?..\\ \\ Спытайце ў бегемота!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-бегемот-без-ботаў]] * [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна]] * [[постаці/рыгор-барадулін]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с]]