~~META:
title = Рыгор Барадулін — Уцякала зіма ад вясны...
&keywords = Барадулін, зіма, вясна
&abstract = Чытаць верш "Уцякала зіма ад вясны..." Рыгора Барадуліна
&iftrue = nan
~~
====== Рыгор Барадулін — Уцякала зіма ад вясны... ======
Уцякала зіма ад вясны\\
Па кустах вербалозаў рагатых, —\\
Ёй каптан абарвалі яны,\\
I на голлі матляецца вата.\\
\\
Уцякала зіма ад вясны,\\
Уцякала па рэках, азёрах,\\
Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў,\\
Здрадзіў лёд —
і вада на прасторы.
\\
Толькі звон крыгалому ачах —\\
Брод шукаюць бярозы-бяглянкі\\
I трымаюць на ніцых1 плячах,\\
Як дзяцей палахлівых,
буслянкі.
\\
А вясна даганяла зіму;\\
Заяц скочыў у лужу блакіту,\\
Бо на хвост наступіла яму,\\
I пралескі распырскаў, раскідаў.\\
\\
I ўцякала зіма ад вясны,\\
Пад нагамі ламачча затлела,\\
Парастрэсла па сцежках лясных\\
Снег апошні свой
з ландышаў белых.
Уцякала зіма ад вясны —\\
Уцякала.
\\
1 Ніцы — які мае доўгія звісаючыя галіны (пра дрэвы і кусты).
\\
===== Падобныя старонкі =====
* [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-зімовы-вечар]]
* [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-снежань]]
* [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-на-каньках]]
* [[ibdc.ped>зімой-у-лесе]]
* [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-беларуская-зіма]]