~~META: title = Рыгор Барадулін — Світанняў я з табой не сустракаў... &keywords = світанняў, гарох &abstract = Чытаць верш "Світанняў я з табой не сустракаў..." Рыгора Барадуліна &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Світанняў я з табой не сустракаў... ====== Світанняў я з табой не сустракаў,\\ Не рассякаў вяслом азёрнай хвалі.\\ I толькі ў хваляванні скуб рукаў,\\ Калі цябе да дошкі выклікалі.\\ \\ Здавалася, што бачыць увесь клас,\\ Калі ў твой бок глядзеў я незнарокам.\\ Каб аб сабе напомніць лішні раз,\\ Па пяць заўваг я зарабляў на ўроку.\\ \\ Што стала ты мне нейкаю другой,\\ Баяўся і сабе прызнацца ў гэтым.\\ Ды толькі ўсё чамусьці нас з табой\\ На кніжках плюсавалі без сакрэту.\\ \\ Ну, а калі кілометры за два\\ Дамоў з аднавяскоўцамі ішла ты,\\ Як крыўдна мне было, як я злаваў,\\ Што каля самай школы наша хата.\\ \\ Гады прайшлі. У кожнага свой шлях.\\ I апынуўся я не ў роднай хаце.\\ ... З усмешкай палахлівай на губах\\ Я сніў цябе ў студэнцкім інтэрнаце.\\ \\ I вось нарэшце на лістах шасці\\ Прызнаўся я табе ў сваім каханні.\\ З трывогай “заказное” апусціў\\ I атрымаў адказ — тваё маўчанне.\\ \\ Дамоў прыехаў.\\ Кажуць, трэці дзень\\ Грыміць тваё вяселле (я ж не веру).\\ Вянок з гароху хочуць мне надзець\\ Сябры, як адстаўному кавалеру.\\ \\ Хай надзяюць — мне невялікі страх,\\ Я з гора нацягну з кілішка троху.\\ Дык пасядзім з табою у вянках,\\ Твой — з красак палявых, а мой — з гароху.\\ \\ ... Хай снег гадоў асядзе ў валасах,\\ Хай будзе мне хоць пяць разоў па дваццаць — Усмешкай палахлівай на губах\\ Ты школьніцай мне будзеш усміхацца... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-свяці-кахання-чыстая-]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-твае-вочы]] * [[творы/эдуард-акулін/эдуард-акулін-трыялет]] * [[творы/янка-журба/янка-журба-каханне]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-яшчэ-ў-юнацкія-гады]]