~~META: title = Рыгор Барадулін — Палын і чарнобыль &keywords = чарнобыль, палын, браты &abstract = Чытаць верш Рыгора Барадуліна "Палын і чарнобыль" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Палын і чарнобыль ====== Палын і чарнобыль –\\ Браты з даўніны,\\ На пусташах і на руінах\\ Трывала карэнне пусцілі яны\\ Тубыльцамі ў родных краінах.\\ \\ Святлейшы ўспамінам\\ Палын-славянін,\\ Чарнейшы чарнобыль-татарын,\\ Адзін ласкавеў ля балючых былін,\\ Другі суравеў ля выгарын.\\ Яны – пагарэльцы\\ І сведкі вайны –\\ Па свеце вандруюць спрадвеку.\\ Іх лічаць сваімі паны-дзірваны,\\ Адводзяць ад іх небяспеку.\\ \\ Сівее ў сухмень,\\ Серабрыцца палын,\\ У лівень рунее маўкліва.\\ Здаецца, чарнобыль\\ Чакае свой клін,\\ Што з неба прывабіла ніва.\\ \\ Палын і чарнобыль,\\ І мне вы – радня,\\ Браты па малечай галечы.\\ Пясчанай каплічцы апошняга дня\\ Вы глуха атуліце плечы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-аб-самым-смачным]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-санеты-чарнобыля]] * [[творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-1986]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-боль-чарнобыля]]