~~META: title = Рыгор Барадулін — Мая Бацькаўшчына &keywords = твае, маладых, таленты &abstract = Чытаць верш Рыгора Барадуліна "Мая бацькаўшчына" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Мая Бацькаўшчына ====== З суседзямі падзелішся скарынкаю.\\ Адно не ўмееш з торбаю прасіць.\\ Як ластаўка, з падстрэшша рук Скарынавых Тваё крыляла слова па Русі...\\ \\ Ты бласлаўляла даланёй кляноваю\\ Сваіх сыноў.\\ Слязамі дабяла\\ Бяліла лён на світку Каліноўскаму\\ I ў сны Ўрублеўскага ты Нёманам плыла...\\ \\ Зеленакосымі, тугімі сеткамі\\ Злавіла Свіцязь юнакоў спакой.\\ Хоць ён пабраўся з песняю суседскаю,\\ Але вяснянкі не забыў тваёй...\\ \\ Люблю цябе у веснавых праталінах, У белай хустцы маладых снягоў.\\ Як на грыбы, багата ты на таленты – Пільней глядзі і нерушы знаходзь.\\ \\ Радзі, зямля, ты – шчодрая і сціплая. Каб толькі маразоў не знала рунь!\\ Імя тваё нашчадкам з нетраў выплыве –\\ Сівых стагоддзяў рэха: – Бе-ла-русь!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-бачыла/алесь-бачыла-радзіма-мая-дарагая]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[ibdc.ped>скарбы-нашай-радзімы]] * [[ibdc.ped>ганарымся-бацькаўшчынай]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]]