~~META: title = Рыгор Барадулін — Дыпціх прысвячэння &keywords = імшэюць, глушэюць &abstract = Чытаць верш "Дыпціх прысвячэння " Рыгора Барадуліна &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Дыпціх прысвячэння ====== //Міхасю С.// \\ **I** Імшэюць нашыя дамы,\\ Прытулкі радасці,\\ Дзе мы\\ Саміх сябе пачуць хацелі.\\ Глушэюць нашыя грамы,\\ Што нас маглі\\ З глухой зімы,\\ Як тую рунь,\\ Падняць з пасцелі.\\ Цішэюць нашыя дымы —\\ Працяг зялёнае думы\\ Смалістай баравой арцелі.\\ Вайна перадала шрамы\\ Надскепам бліскавіц,\\ Траншэям.\\ Не верыцца, што гэта мы\\ Імшэем,\\ Глушэем,\\ Цішэем.\\ \\ **II**\\ Да грамніц пільнуйся рукавіц!\\ Ты азваўся свету на грамніцы.\\ За драты калючых бліскавіц\\ Браўся галаруч\\ I навальніцу\\ Запрашаў паслухаць цішыню,\\ Ды ў адказ і цішыня грымела.\\ Дазваляў пад сэрцам грэцца дню,\\ Перапісваў прызімак набела.\\ \\ Кідаў рукавіцу перуну,\\ Прэчыў асцярожнасці законы,\\ Пазычаў у пеўня пер'іну,\\ Смутны,\\ Неадумны,\\ Рызыкоўны,\\ Каб у сшытку неба\\ Млечны сказ\\ Перакрэсліць\\ I пачаць пра тое,\\ Як, ад нас уцёкшы,\\ Просіць час\\ У спагады даўняга пастою.\\ \\ Час каня забытнасці вядзе,\\ Прымярае кон\\ Старую збрую.\\ \\ На грамніцы дадзена вадзе\\ Зноў успомніць\\ Сілу маладую. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/дыпціх]] * [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны]] * [[постаці/рыгор-барадулін]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с]]