~~META: title = Рыгор Барадулін — Грамат не хапіла! &keywords = алесь, лявон, грамату, лявонка, чэмпіён, стадыён, алесю, лагеры, брат &abstract = Чытаць верш Рыгора Барадуліна "Грамат не хапіла!" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Грамат не хапіла! ====== Былі Алесь і брат Лявон\\ У лагеры ўсё лета.\\ Алесь хадзіў на стадыён\\ І майстраваў ракеты.\\ \\ На ім\\ Чарней за ноч загар,\\ Паўсюль Алесю рады.\\ Ён – незаменны варатар\\ І лепшы цэнтр нападу.\\ \\ Сусветныя рэкорды біць\\ Лявонка марыць надта.\\ Барцом,\\ Плыўцом\\ Ён хоча быць,\\ Танкістам,\\ Касманаўтам.\\ \\ – Каб біць рэкорд, –\\ Тлумачыць ён, –\\ Знаць трэба справу\\ Тонка.\\ Пакуль што\\ Круглы чэмпіён\\ Хіба па сну Лявонка.\\ \\ Атрад бяжыць на стадыён\\ І робіць\\ Фіззарадку.\\ А наш нямыты чэмпіён\\ Спакойна дрэмле ўранку.\\ \\ Гадзіна мёртвая –\\ Лявон\\ Хутчэй імчыць на рэчку.\\ – Трэніравацца, – кажа ён, –\\ Павінен я нарэшце.\\ \\ Нагрузак у Алеся шмат,\\ Ані хвілінкі вольнай:\\ Саліст у хоры,\\ І юннат,\\ І судзіць матч футбольны.\\ \\ Алесь у руху ўвесь.\\ Уміг\\ Скрозь навядзе парадак.\\ Ён выручыць сяброў сваіх\\ І справай,\\ І парадай.\\ \\ Закрыўся лагер.\\ І калі\\ Дамоў вяла дарога,\\ Алесю\\ Грамату далі,\\ Лявону ж – анічога.\\ \\ Брат грамату паклаў на стол,\\ Глядзі,\\ Чаго я варты.\\ Лявон, упёршы вочы ў дол,\\ Даказваў маці ўпарта:\\ \\ – Мячы б я гнаў,\\ Як сам Пеле,\\ Каб толькі спрыт і сіла.\\ Стараўся ў лагеры,\\ Але\\ Мне грамат не хапіла... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны]] * [[постаці/рыгор-барадулін]] * [[творы/рыгор-барадулін/дзіцячая-паэзія-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с]] * [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна]]