~~META: title = Рыгор Барадулін — Вятрак &keywords = вятрак, ветру, сонца, батрак &abstract = Чытаць верш Рыгора Барадуліна "Вятрак" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Вятрак ====== Сонца і ветру батрак,\\ Стаіць на пагорку вятрак,\\ \\ Суседзі сваё адмахалі,\\ Адзін сірацее...\\ Пыльна.\\ Дзе ж гэта падводы з мяхамі?\\ Чакае, ўглядаецца пільна.\\ \\ Калі ж засклыгочуць восі!\\ Не чуць...\\ А начамі сніцца:\\ Каўшы засыпае восень –\\ Ён смачна хрумсціць пшаніцай...\\ \\ Махнуць журавам: – Да сустрэчы! Ён хоча, ды ўсё дарэмна.\\ Распяўся кажан у падстрэшшы.\\ Пугач вірлавокі дрэмле.\\ \\ А ў яго ж быў размах,\\ А ў яго ж, бывала.\\ Ранняя зіма сама\\ Пытлю пазычала.\\ \\ А глядзела ж на вятрак\\ Столькі воч з пашанай.\\ Ходзяць жорны – проста страх!\\ Быццам два паўшар'і.\\ \\ Зерне трушчыў дацямна.\\ Хмару браў пад паху, –\\ Азалелая, яна\\ Навальніцай пахла.\\ \\ Сонца і ветру батрак,\\ Сумуе самотны вятрак.\\ \\ 1960\\ \\ Крыніца: Барадулін Р. Адам і Ева. Лірыка. – Мн.: «Беларусь», 1968. – 256 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны]] * [[постаці/рыгор-барадулін]] * [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна]] * [[творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-вятрак-і-гусак]]