Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-вечалле

Гэта старая версія дакумента!


Рыгор Барадулін — Вечалле

Спадчыннае возера маё,
Вечнасцю прывечанае
Вечалле.
Променем ляшчыны
Вудаўё
З бацькавай рукі
Цябе прасвечвала.

Човен дзеда Грышкі
Лёгкім сном
Торкаўся ў затоку ўасачэлую.
Шляхам,
Брукаваным перуном,
Сунуліся хмары высачэзныя.

Голас мамы
Чулі берагі,
Ехала з вяселлем
Баба Грышчыха.
Тоні з сітнягом вялі таргі,
Мурагі
Шапталіся з гарышчамі.

Набрыдзі, як наледзі, было,
А глыбінь тваіх
Буза не ўсватала.
Дыхала ў любую сцюжу тхло,
Бегла ў свет
Рачулка сукаватая.

Вечалле паклаўшы ў галаву,
Сніць дагэтуль сны
Пра ўловы лепшыя,
Лёc багром схапіўшы наплыву,
Родная мне вёска
Кавалеўшчына.

Туманоў рахманых табуны
Нахлынаюць з Вечалля,
Як з вечара.
Ныюць стогнам
Цішыні званы,
Вечаллю
Пра звон згадаўшы вечавы.

Я за аблачынамі здаўна
Звык сачыць, каб загадаць,
Плыве чыя.
Як святлом праяснена да дна –
На світанні напілася з Вечалля!



Крыніца: Барадулін P. Вечалле: Кніга паэзіі, – Мн.: Маст. літ., 1980, – 336 с.

Падобныя старонкі

  • рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны
  • рыгор-барадулін
  • рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна
  • рыгор-барадулін/дзіцячая-паэзія-рыгора-барадуліна
  • рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с
творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-вечалле.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki