~~META: title = Рыгор Барадулін — Вечалле &keywords = Вечалле &abstract = Чытаць верш Рыгора Барадуліна "Вечалле" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Вечалле ====== Спадчыннае возера маё,\\ Вечнасцю прывечанае\\ Вечалле.\\ Променем ляшчыны\\ Вудаўё\\ З бацькавай рукі\\ Цябе прасвечвала.\\ \\ Човен дзеда Грышкі\\ Лёгкім сном\\ Торкаўся ў затоку ўасачэлую.\\ Шляхам,\\ Брукаваным перуном,\\ Сунуліся хмары высачэзныя.\\ \\ Голас мамы\\ Чулі берагі,\\ Ехала з вяселлем\\ Баба Грышчыха.\\ Тоні з сітнягом вялі таргі,\\ Мурагі\\ Шапталіся з гарышчамі.\\ \\ Набрыдзі, як наледзі, было,\\ А глыбінь тваіх\\ Буза не ўсватала.\\ Дыхала ў любую сцюжу тхло,\\ Бегла ў свет\\ Рачулка сукаватая.\\ \\ Вечалле паклаўшы ў галаву,\\ Сніць дагэтуль сны\\ Пра ўловы лепшыя,\\ Лёc багром схапіўшы наплыву,\\ Родная мне вёска\\ Кавалеўшчына.\\ \\ Туманоў рахманых табуны\\ Нахлынаюць з Вечалля,\\ Як з вечара.\\ Ныюць стогнам\\ Цішыні званы,\\ Вечаллю\\ Пра звон згадаўшы вечавы.\\ \\ Я за аблачынамі здаўна\\ Звык сачыць, каб загадаць,\\ Плыве чыя.\\ Як святлом праяснена да дна –\\ На світанні напілася з Вечалля! \\ \\ Крыніца: Барадулін P. Вечалле: Кніга паэзіі, – Мн.: Маст. літ., 1980, – 336 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны]] * [[постаці/рыгор-барадулін]] * [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/дзіцячая-паэзія-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с]]