~~META: title = Рыгор Барадулін — Беларусь на крыжы &keywords = беларусь, крыжы &abstract = Чытаць верш Рыгора Барадуліна "Беларусь на крыжы" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Беларусь на крыжы ====== А стараліся дружна і свой і чужы\\ На здранцвелым, на востракутым\\ Небу роўную маці распяць на крыжы\\ I аддаць Беларусь пакутам.\\ \\ У старэйшых хацелі хадзіць браты,\\ Выракаліся быць крывічамі.\\ I суседзі сціскалі ў злосці раты,\\ Усміхаліся толькі мячамі.\\ \\ Войны ўсе, бойні ўсе, зрухі ўсе\\ Беларусь аддавалі катам.\\ Зноў касе зіхцець у крывавай расе.\\ Адкляпаў яе ўвішны атам.\\ \\ Сваякі сатаны гандлявалі душой,\\ Беларусь распіналі вякамі,\\ Прабівалі далоні, што пахлі дзяжой,\\ Не цвікамі,\\ А мерцвякамі.\\ \\ Усявышні,\\ Хоць крошак зор накрышы,\\ Разгавей беларусу вячэру.\\ Згінь, крумкач, не кружы,\\ Беларусь на крыжы\\ Уваскрэсне ў пакутах за веру.\\ \\ Як не выдасць Бог,\\ Не з’ядуць вепрукі.\\ Толькі вернік надзеяй дужы.\\ \\ Крошкі зор збяруць у Бога з рукі\\ Выраі –\\ Беларусаў душы.\\ \\ Як там ні варажы,\\ Што там ні кажы,\\ Паздзіралі з храмаў крыжы\\ Вылучэнцы, выжлы, віжы.\\ I самой апраметнай заложнікі,\\ Цвеляць д’ябла сп’яна бязбожнікі:\\ I вяселле ў нас,\\ I ігрышча ў нас,\\ Хаваемся мы ў салому,\\ Няхай ішчуць нас.\\ \\ I ў саломе, як зерне,\\ Знойдуць іх,\\ Бог сваіх,\\ Чорт сваіх... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-паэзія-беларусі]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-літаратура-беларусі]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-шляхціц-завальня-або-белар-75]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-шляхціц-завальня-або-белар]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-проза-беларусі]]