~~META: title = Рыгор Барадулін — Бацьку &keywords = хацелася, сынок, ішлі, хаце, маці &abstract = Верш Рыгора Барадуліна "Бацьку" (Не выйшаў ты і ў гэты раз...) &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Бацьку ====== Не выйшаў ты і ў гэты раз\\ Мяне спаткаць, паднесці рэчы...\\ Ля весніц, толькі зноў твой вяз\\ Крануў галінамі за плечы.\\ \\ Ты мне не падасі рукі.\\ Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта...\\ Ці бачыш, вырас сын які?\\ Скажы хоць слова для прывета.\\ \\ А я... чакаў з усіх дарог\\ Цябе ў сорак чацвёртым летам.\\ Калоны ні адной не мог\\ Я прапусціць з ахапкам кветак.\\ \\ Хацелася пачуць: «Сынок...»\\ І крыкнуць радаснае: «Тата!»\\ Бацькоўскім быў мне кожны крок...\\ Усё ішлі, ішлі салдаты...\\ \\ Каторы раз сыходзіў снег...\\ Дамоў вярнуліся суседзі.\\ Я кожнаму насустрач бег\\ І чуў кароткае: «Прыедзе...»\\ \\ Калі ў крыўдзе мне сябры\\ Гразіліся падчас бацькамі,\\ Тады хацелася наўзрыд\\ Заплакаць шчырымі слязамі.\\ \\ Не плакаў я – усім на злосць,\\ Бо ў хаце быў адзін – мужчына.\\ Не йшоў ты...\\ Маці маладосць\\ Глыбей заворвалі маршчыны.\\ \\ І зараз – еду я здалёк,\\ Чакаю ўсё – зайду, а маці\\ Мне кажа: «Пазнаеш, сынок?\\ Вось наша ўся сямейка ў хаце...»\\ \\ Паверыць цяжка мне таму,\\ Што больш не прыйдзеш ты дадому.\\ А шапку я заўжды здыму\\ Перад магілай невядомай.\\ \\ 1958 **Аналіз верша**\\ Гэты верш Р. Барадуліна – адзін з самых аўтабіяграфічных. Паэт хвалююча перадаў уласныя перажыванні, калі ён, хлапчук-падлетак, з надзеяй і нецярпеннем чакаў пасля перамогі вяртання дадому бацькі-партызана. І пасля, ужо стаўшы юнаком, а потым і дарослым чалавекам, ён з матуляй, Акулінай Андрэеўнай, спадзяваўся і чакаў... Паэт часта прыгадваў перадваенны час, калі сям’я была поўнай і шчаслівай, калі ён, хлопчык, насіў бацьку на працу абеды, прыгатаваныя руплівай матуляй...\\ Вясной 1941 года бацька з сынам каля сваёй хаты ва Ушачах пасадзілі малады вяз. Вось як пра гэту падзею і ўражанні вайны, што сталі вобразна-асацыятыўнай асновай твора, успамінаў пазней паэт: «Я памагаў трымаць дрэўца, роўнае на рост са мной. Чэрвень сорак першага... <…> А я ўсё паліваў і паліваў маленькі вяз... Нам двум доліла астацца расці. Вяз так і не ацяніў галавы Івана Рыгоравіча... <…> Зайшоў немец. Я сядзеў і маляваў. Ён памог мне дамаляваць хату. З коміна кучаравы дым. <…> Другі немец у сорак чацвёртым спаліў нашу хату. <…> Шэрыя хмары палонных сунуцца бальшаком. Пыл. Ад яго вяз стаў падобным на капешачку сена».\\ Уражанні дзяцінства і незагойны боль па загінуўшым у ваеннае ліхалецце бацьку ляглі ў аснову верша «Бацьку». Твор быў напісаны праз 13 гадоў пасля заканчэння вайны, калі ўсе, хто застаўся жывы, ужо вярнуліся дадому. У радках выразна гучыць тэма вайны і вялікага чалавечага болю па страчаных родных людзях. Па форме мастацкага выказвання гэты верш – маналог сына, звернуты да бацькі, пра гэта сведчыць і загаловак твора. У выказванні лірычнага героя хвалююча перадаюцца думкі і пачуцці цэлага пакалення дзяцей вайны, якія засталіся сіротамі, бязбацькавічамі.\\ На першае месца ў вершы выступае асабістае перажыванне, што ўвасабляецца ў мастацкіх вобразах вяза, які стаў вялікім дрэвам: не бацькавы рукі абдымаюць зараз ужо дарослага сына, а толькі «вяз крануў галінамі за плечы» хлопчыка, які з ахапкам кветак дарэмна сустракаў калоны воінаў-вызваліцеляў, шукаючы сярод іх свайго тату, таго ж хлапчука, якога часам крыўдзілі сябры і якому вельмі не хапала абароны і падтрымкі бацькі... Гэтаму падлетку, аўтабіяграфічнаму лірычнаму герою, часта хацелася горка, роспачна заплакаць, але ён трымаўся і трываў. Так прыходзіла сталасць да ўсяго пасляваеннага пакалення дзяцей і падлеткаў. Узмацняе пачуццё драматычнага чакання бацькавага вяртання з вайны надзвчай хвалюючае вобразнае ўвасабленне: Не йшоў ты...\\ Маці маладосць\\ Глыбей заворвалі маршчыны. Вобраз матулі, маладыя гады якой праходзяць у спадзяванні на цуд, на доўгачаканае, выпакутаванае шчасце, яшчэ больш узмацняе пачуцці болю, чакання і ўсё яшчэ надзеі: І зараз – еду я здалёк,\\ Чакаю ўсё – зайду, а маці\\ Мне скажа: «Пазнаеш, сынок?\\ Вось наша ўся сямейка ў хаце...» Можна сказаць, што ў першых васьмі строфах верша лірычны герой расказаў пра вялікі ўласны боль і смутак. Але народжаны асабістымі перажываннямі твор усё ж мае абагульненае гучанне. Ад імя цэлага пакалення, чые бацькі, родныя не вярнуліся з вайны, паэт выказаў хвалюючыя пачуцці не толькі болю і смутку, але і высокай, удзячнай вечнай памяці пра тых, хто абараняў свет і жыццё. Пра гэта сведчаць апошнія радкі верша: А шапку я заўжды здыму\\ Перад магілай невядомай...\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-гіль/мікола-гіль-татава-аўтаручка]] * [[творы/мікола-гіль/мікола-гіль-чаго-смяяўся-кот-васька]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-бацька-і-сын]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-дзе-прывітанне]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-татаў-родны-куток]]