~~META: title = Рыгор Барадулін — Азбука – вясёлы вулей &keywords = слова, неба, вулей, гукі, словы, валун, шлях, лапа, снег, вясёлы &abstract = Верш Рыгора Барадуліна "Азбука – вясёлы вулей" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Азбука – вясёлы вулей ====== Вулей ёсць такі вясёлы,\\ Пчолы\\ З гэтага вулля\\ Прывядуць цябе да школы.\\ Зразумееш, немаўля,\\ Толькі вулей загудзе,\\ Што, чаго, адкуль і дзе,\\ Як знайсці каго і дзе,\\ Хто ляціць, а хто ідзе.\\ \\ Літары\\ Ад **А** да **Я** –\\ Пчолак дружная сям’я\\ Носіць\\ Мёд у соты ведаў,\\ Просіць,\\ Каб усё ты ведаў.\\ Паступова,\\ Пакрысе\\ Іх запомніць\\ Трэба ўсе!\\ \\ Гукі мовы роднай, наскай\\ Перапоўняць сэрца ласкай,\\ Дык шануй святыя словы\\ Беларускай звонкай мовы!\\ \\ Радуе нябёсы й долы\\ Вулей азбукі вясёлы.\\ – Агу! – **А** голас падае,\\ А – асаблівая павага,\\ А пачынаецца з яе\\ Айчына,\\ Азбука,\\ Адвага,\\ Аловак, аксаміт,\\ Адрына,\\ Арэлі, абажур,\\ Ажына,\\ Анёл, абабак,\\ Аратай.\\ \\ Ты азбуку\\ Далей гартай!\\ \\ **Б**ульба,\\ Бусел,\\ Белавежа,\\ Бацька Нёман з берагамі,–\\ Беларусі ўсёй бязмежжа\\ Белабог аберагае.\\ \\ Адвядзе чужынцаў стрэлы\\ Сцяг наш\\ Бел-Чырвона-Белы!\\ \\ Валун параіў валуну:\\ – Падстаў спіну,\\ А я зірну.\\ Так і вякуюць валуны,\\ Зрасліся спінамі яны.\\ **В** вызначае ўсё вакол:\\ Вялікдзень, волат,\\ Вожык, вол.\\ \\ Вітаў вясёлку васілёк.\\ Вялізны воз ваўка валок.\\ \\ Глянь,\\ Сагнула даланю\\ **Г**, каб змераць глыбіню.\\ Дзе яно,\\ Глухое дно?\\ З галавой Г не відно.\\ \\ Хай тваё звыкае вуха –\\ Г гучыць заўсёды глуха:\\ Гаць, гарбуз, гарлач, галіна,\\ Гол, гара, гагара, гліна.\\ \\ Не забудзься ж і наконт\\ Словаў тых,\\ Дзе **Г** званчэе:\\ Ганак, гузік, розгі, гонт.\\ Гэта клопат грамацея.\\ \\ **Д** зрабілася, што кадка.\\ Трэба, трэба фіззарадка!\\ Падагнуўшы смешна ногі,\\ Прысядае да падлогі.\\ \\ Дрэсіруюць доўга дога.\\ Дабяжыць дамоў дарога.\\ \\ Дзяцел дзюбай дуб дзяўбе,\\ Будзе **ДЖ** і **ДЗ** табе.\\ \\ Вецер джгае па дажджы,\\ Просіць бляху: не бразджы!\\ \\ Да жніва серп загадзя куй!\\ Добрай нашай мове дзякуй!\\ \\ Прачытай і раскумекай:\\ З дзядзькам дзекай,\\ З цёткай цекай!\\ \\ Ехалі вясёла сані,\\ Елі далеч рысакі.\\ **Е** чарнела за лясамі,\\ Быццам елка ў тры сукі.\\ \\ Літары ўсе трэба знаць,\\ Каб Евангелле чытаць!\\ \\ А над елкай\\ Дзве сарокі\\ Пільнавалі шлях далёкі\\ Ці яшчэ гняздо чыё.\\ Непаседныя чысцюлі\\ Елку ледзьве-ледзь кранулі –\\ З Е адразу стала **Ё**.\\ \\ Ёрш сагрэць спрабуе лёд.\\ Апякае палец ёд.\\ \\ Жытні сноп перавязалі\\ Перавяслам, як малое.\\ Жнеі дружна жыта зжалі –\\ Колецца іржышча злое.\\ \\ Жыцень, Жыжаль, жарало,\\ Жменя, жораў, жур, жытло\\ Не абыдуцца без **Ж**.\\ Слухай жа, як конь іржэ!\\ \\ Злой зімою зайку зябка,\\ Мерзне вуха, мерзне лапка.\\ Вымаўляе **З** завея\\ Так, што неба ружавее.\\ Зубр у пушчы зарыкае –\\ І завея замаўкае.\\ Гаспадар руплівы зможа\\ У засек засыпаць збожжа.\\ Зося ў Зюзі запытала,\\ Дзе зязюля зімавала?\\ **І** – зоркі зыркія Купалля\\ Над свечкай светлай не апалі.\\ \\ Зірні – з высакавольтных ліній\\ Спадае палахлівы іней.\\ \\ Будзь беларусам, беларус,\\ І помні,\\ Што казаў Ісус.\\ Хай беларуская ікона\\ Твой асвячае шлях штодзённа!\\ \\ **Й** просяць: –\\ Слова пачынай.\\ Аднекваецца:\\ – Ай, няхай.\\ \\ Ніхто мяне не абміне,\\ Хоць стану ў самы край,\\ Бо як жа будуць без мяне\\ Гай, каравай, грай, рай?\\ \\ Крадком ступае пакрысе.\\ Што за спіною **К** нясе?\\ Куды ідзе, нясе каго?\\ Сам папытайся ты ў яго!\\ Напішаш К – і тут як тут\\ Кот, крот, канапа,\\ Качка, кут.\\ \\ У кузні працаваў заядла –\\ Каваль кувалдай біў\\ Кавадла.\\ \\ Лапа льва\\ Ці ножка лавы\\ Злева так стаіць\\ Ці справа?\\ Лапа ў кошкі,\\ Лапа ў рысі.\\ \\ Лепш за лапы не бярыся!\\ З **Л** сышліся вельмі блізка\\ Лотаць, ложак, лыжка, ліска.\\ \\ Цень ад лямпы лёг у лёх.\\ Лашчыла ляшчына лог.\\ \\ Моўчкі я і ты прыйшлі,\\ Ўзяўшыся за рукі,\\ Гэта – Мы,\\ І ажылі\\ Родных песняў гукі.\\ З **М** малітва, мама, мара.\\ Быць без М не можа хмара.\\ \\ Міла мела мяты пачак.\\ Мяў мядзведзь, як мякіш, мячык.\\ \\ Нерат, ношка, Новы год,\\ Новы снег і новы лёд\\ З **Н** бяруць пачатак свой.\\ Нельга жыць –\\ Адно засвой.\\ І ляноце і мане\\ Ты скажы рашуча – не!\\ \\ Не ў сваё не сунь свой нос.\\ Нехта ўночы ночвы нёс.\\ \\ **О**кае ўкраінскі брат.\\ Ты заокаеш наўрад.\\ Пракрычаў арол з-пад неба:\\ – Беларусу акаць трэба!\\ Дах не баіцца малатка.\\ Дай кацянятку малака.\\ \\ **П**абач,\\ Як праз вякі ў сягоння\\ Прымчала гордая Пагоня –\\ Герб незалежнай Беларусі.\\ У цішыні складзі далоні\\ І цвёрда прысягні Пагоні.\\ Скажы!\\ – Чужынцам не скаруся!\\ \\ Паперам у пяра палёгка.\\ Пабегла пад павець палёўка.\\ Пчаляр у пчол найпершы лекар.\\ Пячэ пахучы пернік пекар.\\ \\ Руку пад паху **Р** бярэ.\\ Уранні росна на дварэ.\\ Смех ухапіўшы за руку,\\ Пабег Раман дагнаць раку.\\ З Р пачынаецца расклад.\\ Рахманы рак раскладу рад.\\ \\ Як рухнуў бык раптоўна ў роў,\\ Ад роспачы рагаты роў.\\ **С**тынуць капытоў сляды,\\ І невыпадкова\\ Грэе неба ў халады\\ Месяца падкова,\\ Дык задумайся ўсур’ёз,\\ Хто падкову ў неба ўзнёс?\\ \\ Хай смялейшы самы скажа,\\ Хто хітрэйшы,\\ Снег ці сажа?\\ \\ Тэлеантэны не ад страху\\ Уздрыгваюць на кожным даху,\\ Яны павінны\\ Штохвіліны\\ З усёй зямлі лавіць навіны.\\ Запамінаецца імгненна:\\ **Т** – тонкая тэлеантэна.\\ \\ Таропка паўтары ля тыну:\\ Ткачыха порстка тчэ тканіну.\\ У торбе не схаваеш шыла.\\ Тачыла нож тупы тачыла.\\ \\ **У** бок, угору ад ствала\\ Галінка ціха ў рост пайшла.\\ У-у – вые воўк зімою\\ З ашчэранаю пашчай злою.\\ Узлессе ўзгорак вёў уброд.\\ Уцекача\\ Уцяў удод.\\ \\ Над У маладзічок ляцеў\\ Ды затрымацца захацеў,\\ Вісець так і застаўся стала.\\ У з до**ў**гага кароткім стала.\\ \\ Стаў зледзянеў,\\ Рачулка стала.\\ \\ **Ф** забылася на ўрокі,\\ Фыркае, надзьмуўшы шчокі.\\ Як сур’ёзнай быць такой –\\ Смех за кожнаю шчакой.\\ Словаў з Ф ледзь цягне фура:\\ Фрэска, фарба, фэст, фігура.\\ \\ Бачыла ў зімовы ранак\\ Футра фару з-за фіранак.\\ \\ **Х** – нажніцы ад знямогі\\ Выпрасталі рукі, ногі –\\ Хай іголка-даўгашыя\\ Хвартухі даўгія шые.\\ Хутка ў горне жар патух,\\ Хведар прапаліў хвартух.\\ Дратвай бліскавіцы хром\\ Хітра прашывае гром.\\ \\ Праганяй благія словы,\\ Як ідзеш у Храм Хрыстовы!\\ \\ Цяпер далей ісці пара нам.\\ **Ц** – цяжкая цыстэрна з кранам.\\ Крыху павернеш кран яшчэ –\\ Цурок з цыстэрны пацячэ.\\ Цыстэрна – цэбру не радня.\\ З цяцерай спіць цецераня.\\ \\ Цялятка спудзіла трашчотка.\\ Цыбулю ў цёрле церла цётка.\\ \\ **Ч** горбіць казырок таму,\\ Што ўсе з яго чаго, чаму?\\ Чаму гудзе сярдзіта чмель?\\ Чаму чапляе човен мель?\\ Чаго,\\ Калі спадзе вада,\\ Чакае чапляў чарада?\\ Чаму чабор і чуб на Ч?\\ Чамучак-мучак шмат яшчэ.\\ \\ Шэпча штосьці шасцярня,\\ Быццам **Ш** – яе радня.\\ І зусім не для забавы\\ Шасцярня скрыпіць зубамі.\\ Далічыўшы да шасці,\\ Можна ўжо шукаць ісці!\\ \\ Шум чуваць з усіх бакоў –\\ Ля шыпшыны шмат шпакоў.\\ \\ Знік Шчупак у глыбіні.\\ Шчаўя ў шчопаць адшчыкні.\\ \\ **Ы** поплеч з І ідуць па зямлі\\ Амаль аднымі шляхамі.\\ Калі калЫ дрэвамі бЫлі,\\ Не білі іх абухамі.\\ \\ Ілона з Вірай чакалі вЫрай,\\ Дамініка з Дзінай дзяліліся дЫняй.\\ \\ **Ь** – загнуў свой палец мяккі знак,\\ Не могуць без яго ніяк\\ Прамень, сухмень, струмень, Арсень.\\ Дзень, цень, пень, рагавень, галень,\\ Агонь, скронь, абалонь, далонь.\\ Кон з мяккім знакам\\ Будзе конь.\\ \\ У словах снег, цвет, звер, асвер\\ На мяккасць гукаў слых правер.\\ \\ Як разложысты бераг і востраў\\ Нецярплівы праліў раздзяляе,\\ Гукі так раздзяляе **апостраф** –\\ Кропля ўгору з хвастом дажджавая.\\ \\ Прачытай словы гэтыя жвава:\\ Зуб’е, зрэб’е, адгор’е, аб’ява.\\ \\ Эх! – **Э** праходу не дае,\\ Язык паказвае сярдзіта,\\ Таму ў канцы шукай яе,\\ А не ў пачатку алфавіта.\\ Яны да нас прыйшлі здалёк –\\ Экзамен і электраток.\\ \\ Цяпер і ў лузе коніка\\ Цікавіць электроніка.\\ \\ Юны стане чэмпіёнам.\\ Бач, як гоніць мяч cа звонам,\\ Вучыць кемлівасць сваю.\\ Даланя з мячом,\\ Як **Ю**.\\ Ю высвіствае знарок:\\ Ютрань, ювелір, юрок.\\ Юшка\\ – Пазнаю,\\ Як у юн уз’юшыў Ю.\\ \\ – Я ў канцы быць не магу! –\\ Выстаўляе **Я** нагу.\\ \\ Той, хто якае зашмат,\\ Ставіць сам сябе назад.\\ Яўна Я ўсё паўтарыла:\\ Яблык, ярына, Ярыла.\\ \\ Паспытаў травінку язь,\\ Ядлаўцовых ягад Ясь.\\ \\ Ведай,\\ Да навук ахвочы,\\ Азбука –\\ Вучэння вочы.\\ Азбука –\\ Ад А да Я –\\ Спадарожніца твая,\\ У краіну ведаў шлях\\ Пачынае па складах.\\ Са складоў\\ Складзецца слова.\\ Слова –\\ Добрых спраў аснова. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/рыгор-барадулін]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны]] * [[творы/рыгор-барадулін/дзіцячая-паэзія-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с]]