~~META: title = Рыгор Барадулін — Адам і Ева &keywords = бульбу, ўдваіх, Адам, зямлі, тайзе, спрадвечны, капаюць, бульба, край, сопкай, сюды, бульбай, землякі, хлеб, былі, залева, спіць, конь, далоні, Ева &abstract = Чытаць верш Рыгора Барадуліна "Адам і Ева" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Барадулін — Адам і Ева ====== Пакуль далёка спіць залева\\ I сопкі песцяцца ў смузе,\\ Яны ўдваіх, Адам і Ева, Капаюць бульбу у тайзе. Конь пасвіцца, бялее грыва З перастаялае травы.\\ Спрадвечны сум апаў тужліва – Лятуць у вырай журавы.\\ Услед махаюць крыллем кволым\\ Кусты, лімонніцы, чмялі.\\ Спрадвечных дрэў спрадвечны кворум, Спакой спрадвечны на зямлі.\\ На момант сэрца ён асіліць, I здасца, што няма трывог, Што з недалёкай Хірасімы\\ Не паскубуць вятры мурог,\\ А толькі ціхія павевы\\ Хвалююць ільмакі ў тузе.\\ Яны ўдваіх, Адам і Ева, Капаюць бульбу у тайзе. ***** Сюды ў дажджы, ў мароз сіберны Аратаі і кавалі\\ З-пад Вільні, з Віцебскай губерні Гадамі землякі брылі. Над імі выраі ляцелі Дамоў, да веснавых грамоў, I хмаркі плавалі, як цені Дымоў з астылых каміноў. Ад роднага стала, ад бульбы Дарогі розныя вялі:\\ Адных – даўгі рубель і булкі Завабілі на край зямлі.\\ Тых – залатая ліхаманка Занесла ў непралазь пургі.\\ Не горача пад лахманамі\\ Было ад вогнішчаў тайгі.\\ Ну а каму саболі пасвіць Давер’е аказаў урад.\\ Лёс – конь натурлівы –\\ да шчасця Не вёз: быў час, як канакрад.\\ ***** А раніцай туман над сопкай – Густая пара над катлом: Знаёма пахла бульбай сопкай, Сялом, пакінутым жытлом. Там на страсе пяе салома, Як чарацінка ў крыгаход.\\ I песня родная, І слова Былі раднейшыя штогод.\\ Вякі...\\ Прыморскія размахі...\\ Забыўся чорны хлеб, але, Як незабыўныя прысмакі,\\ Гасціла бульба на стале.\\ I зазімкам, калі на тоні Ішло дасвецце ў туманах,\\ Яна згрубелыя далоні Кабетам халадзіла ў снах.\\ Хаціны, што ў лясных паветах Замёў каторы ліставей, –\\ На шчодрай далані планеты\\ Былі ад бульбінак драбней...\\ ***** Не хвалімся часінай тою, Калі яе – усім на страх – Палілі з прастатой святою, Як ерэтычку, на кастрах. ды ў прыску бульбу ўгледзеў продак, Калі карчы зглыдаў агонь,\\ I, нібы ўзважваў самародак,\\ З далоні кідаў на далонь.\\ Яна – не майце бульбу ўлегцы – З усімі стравамі на «ты».\\ Гурок, каб з ёю поплеч легчы, Дае нырца ў расол круты.\\ I смагне селядзец у лёку,\\ I ў лютай пары млее кроп.\\ Яна сюды прыйшла здалёку –\\ У баразне па трыццаць коп... Дыміся бульбай, край маленства. Яе стварала спакваля\\ Па вобразу і падабенству\\ Свайму карміцелька-зямля.\\ ***** Крычу на ўсё Прымор’е: – Бульба! Прымі паклон ад земляка.\\ Расці, з гарачых снежак гурба, Што маці сыпле з саганка.\\ Ні дождж, ні град цябе не песціць, Надзейны хлеб маёй зямлі.\\ Не грэбвалі табой і песняй – З сабою землякі ўзялі.\\ А покуль недзе спіць залева,\\ Тайфун вятры ў мяхах вязе, – Яны ўдваіх, Адам і Ева, Капаюць бульбу у тайзе. \\ \\ 1965 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-світанняў-я-з-табой-не-с]] * [[постаці/рыгор-барадулін]] * [[творы/рыгор-барадулін/дзіцячая-паэзія-рыгора-барадуліна]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны]] * [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна]]