~~META: title = Пімен Панчанка — Той дзень прапаў i страчаны навекі... &keywords = Пімен, Панчанка, дзень, герой &abstract = Аналіз верша Пімена Панчанкі "Той дзень прапаў i страчаны навекі..." &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Той дзень прапаў i страчаны навекі... ====== Той дзень прапаў і страчаны навекі,\\ Калі ты не зрабіў таго, што мог;\\ Калі не паспрыяў ты чалавеку,\\ Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.\\ \\ Той дзень збяднеў, зліняў на сотню радуг\\ I, попелам пасыпаны, сканаў,\\ Калі не падзяліў з суседам радасць\\ I больш за дзень узяў ты, чым аддаў.\\ \\ Той дзень, лічы, завянуў пустацветам,\\ Калі ты пяць хвілін пашкадаваў,\\ Каб дзецям паказаць кусочак свету\\ I хараство людзей, і дрэў, і траў.\\ \\ Той дзень зусім закрэслены табою,\\ Калі ты раўнадушна абмінуў\\ Бяду чужую, пабаяўся болю,\\ Абразу хама моўчкі праглынуў...\\ \\ Пазней старэць пачнеш самотна ў хаце\\ I будзеш скаргі гнеўна кідаць нам.\\ Не мы, жыццё табе даўгі заплаціць\\ За раўнадушша.\\ Вінаваты сам.\\ \\ Мы не плюём на дружбу і на працу:\\ Нам без трывог не зберагчы жыцця.\\ Сябры, давайце будзем хвалявацца\\ За ўсіх і ўсё: за зерне і дзіця...\\ \\ Я не святы, хоць і не сквапны злыдзень.\\ Даруйце, калі часам быў глухі\\ Ці чалавека грубасцю пакрыўдзіў...\\ Грахі мае, бясконцыя грахі. \\ \\ Верш [[постаці/пімен-панчанка|Пімена Панчанкі]] «Той дзень прапаў і страчаны навекі...» – яскравае сведчанне таго, што паэт падыходзіць да жыцця з высокімі маральна-этычнымі патрабаваннямі. У сваім жыцці і ў сваёй творчасці ён арыентуецца на агульначалавечыя каштоўнасці: спрыяць дабру і праўдзе, змагацца са злом, дапамагаць бліжняму, быць міласэрным. Уся яго паэзія прасякнута гуманістычнымі памкненнямі.\\ Калі вельмі коратка вызначыць аўтарскі ідэал, то можна сказаць так: «Чалавек жыве правільна, калі больш аддае людзям, чым атрымлівае ад іх». Трэба жыць так, каб пра кожны дзень ты мог сказаць, што ён не пражыты марна. Для гэтага неабходна дапамагаць людзям, спрыяць ім, падзяляць чужую радасць, заставацца шчырым і добразычлівым, заўсёды і паўсюль адстойваць свае перакананні, змагацца з хлуснёй. У творы ідэал героя пададзены праз адмаўленне непрымальнага: «не зрабіў, не паспрыяў, не дапамог, не падзяліў».\\ Побач з яскрава акрэсленым ідэалам паўстае і антыідэал: герой не прымае абыякавасць, эгаізм, нікчэмнасць, шэрасць. За тваёю абыякавасцю да людзей абавязкова прыйдзе абыякавасць людзей да цябе – такі прысуд гучыць у творы.\\ [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|Лірычны герой]] верша ўсведамляе і сваю недасканаласць. I ў яго жыцці здаралася рознае, таму ў вершы гучыць матыў віны і пакаяння: «Даруйце, калі часам быў глухі / Ці чалавека грубасцю пакрыўдзіў».\\ Каб раскрыць ідэю твора, аўтар шырока выкарыстоўвае такія сродкі мастацкай выразнасці, як [[слоўнік/паўтор|паўторы]] (той дзень прапаў, той дзень збяднеў); [[слоўнік/метафара|метафары]] (дзень зліняў, збяднеў, завянуў), [[слоўнік/гіпербала|гіпербалу]] (сотня радуг), [[слоўнік/інверсія|інверсію]] (бяду чужую) і іншыя. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]]