~~META: title = Пімен Панчанка — Спарышы &keywords = знайшоў, спарыш, шчасце, дарог &abstract = Верш Пімена Панчанкі "Спарышы" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Спарышы ====== Адгрымела ноччу навальніца,\\ Птушак пазванчэлі галасы,\\ І пяюць на сто ладоў сініцы –\\ Упіліся, пэўна, ад расы.\\ \\ На ялінах росных зор мільярды,\\ Дурнап’яну гаркаваты пах.\\ І арэхаў наліўныя ядры\\ Хрумстаюць так смачна на зубах...\\ \\ Ён адшастаў ценісты арэшнік,\\ Змок увесь, але знайшоў, знайшоў –\\ З думкай пра яе, зусім нягрэшнай, –\\ Пару запаветных спарышоў.\\ \\ Хоць ніколі ў прымхі ён не верыў,\\ Проста для забавы ўзяў, а ўсё ж,\\ Калі стукнуў да яе у дзверы,\\ Скаланула радасная дрож.\\ \\ У яе пакоі – вокны насцеж,\\ І сама, як раніца, была.\\ "На, вазьмі сабе спарыш на шчасце..."\\ Ціха засмяялася, ўзяла.\\ \\ Узяла і тут жа раскусіла:\\ "Дзякую, браточак, шчасце ёсць!"\\ На вяселле хлопца запрасіла:\\ "Будзеш у мяне найлепшы госць!"\\ \\ Не, не быў ён госцем на вяселлі.\\ Па начных дарогах, без дарог\\ Ён хадзіў ля пожняў і аселіц,\\ Боль хацеў развеяць і не мог.\\ \\ А праз год яна яго спаткала\\ Выпадкова.\\ Ці то ён яе...\\ Ля вачэй – маршчынкі...\\ Шчасця мала:\\ Муж – гультай, бадзяецца ды п’е.\\ \\ Прызнавацца сорамна і горка.\\ "Як тады аслепнуць я магла?\\ – Сумным жартам скончыла гаворку:\\ Шкода, што спарыш не зберагла".\\ \\ Вось і ўся гісторыя...\\ А можа\\ Гэта толькі першая з дарог?\\ Нездарма яе так устрывожыў\\ Ціхі сказ хлапца: "А я збярог".\\ \\ 1954 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]]