~~META: title = Пімен Панчанка — Сармацкае кадзіла &keywords = Панчанка, кадзіла &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Сармацкае кадзіла" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Сармацкае кадзіла ====== Адспявалі трубы залатыя,\\ Лета захлынулася ў расе.\\ Кветкі ў лесе ёсць,\\ Але не тыя:\\ Да Чырвонай кнігі збеглі ўсе.\\ \\ Дзе ты, кураслеп лясны?\\ Дзе ворлік?\\ Дзе мядзведжая цыбуля - чарамша?\\ Ходзіш, ходзіш —\\ I пяршыць у горле...\\ Плач, асірацелая душа.\\ \\ А калісь было ўсяго надзіва!\\ Як збяднеў у нас зялёны свет.\\ Дзе знайсці сармацкае кадзіла,\\ Сон-траву, і меч-траву, і познацвет.\\ \\ Вінаваты ў гэтым не сарматы,\\ Вінаваты ўсе мы — ты і я:\\ Каб адчуць сцюдзёны водар мяты,\\ За сто вёрст ляціць мая сям’я.\\ \\ Душна ад жалезнага прагрэсу:\\ Дружна падразаем жылы лесу,\\ Траў і кветак топчам карані,\\ Ад зялёнай адракаемся радні.\\ \\ Што ты плачаш па траве і кветках?\\ Адрадзілі ж мы зуброў, баброў...\\ Ну, а чорны бусел? Вельмі рэдкі,\\ А заўсёды быў з людскіх сяброў.\\ \\ Многа ліха — ды усюды ціха.\\ А зямля дакуль будзе цярпець?\\ А нашчадкам нашым\\ Чым жа дыхаць? —\\ Мы ўжо задыхаемся цяпер.\\ \\ Трэба нам і захады і меры,\\ Каб між светлых беларускіх рос\\ Зноў расцвіў чаравічок венерын\\ I званочак сіні ў лесе рос. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[постаці/пімен-панчанка]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]]