~~META: title = Пімен Панчанка — Раўнавага &keywords = людзі, ратуйце, дзяцей, сотні, веру, свету, беларусі, канец, добрыя, беларусь, магатэ &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Раўнавага" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Раўнавага ====== Я не веру нікому, і вы мне, прашу вас, не верце: Усё пераблытаў атрутны чарнобыльскі вецер. Не ведаю, з кім мне вітацца, каму мне руку падаваць? I з кім весяліцца за чаркай, і з кім у бядзе бедаваць? Звярэе душа ў нас ад дзікай бяздоннай самоты, Гавораць, палова ў нас членаў саюза – даносчыкі і сексоты... Зямля скаланулася ў нас, і сэрца трывожна заныла. Бабулі заплакалі – канчаюцца дні ў нас зямныя. Загінулі хлопцы – рэактара выратавальнікі. Ды ўсміхаюцца весела баявыя нашы начальнікі. – I нічога ў нас страшнага, – гэтак гадамі манілі. Ляжаць ужо сотні і тысячы ў атамнай чорнай магіле. А нашы маўклівыя людзі, што зналі загад: нарыхтуйце! – Сягоння зайшліся ад крыку: ратуйце, ратуйце, ратуйце! I пачулі нас землі такія далёкія, дальнія: I Германія, і Амерыка, і са Швецыі людзі, і з Даніі. Прысылалі людзі да нас пасылкі з лекамі, аднаразавымі шпрыцамі, З дзіцячаю ежай; з’явіліся медыкі-рыцары. Утварыліся фонды шматлікія пад назвай «Дзецям Чарнобыля». I кароў з малаком ядавітым усюды ў нас гробілі, I тут дайшло да правіцеляў, гэта не жарты, а горачка! Раўнадушным слюньковым, камаям, сакаловым не холадна і не горача. Склалі планаў дзве сотні пра дапамогу, перасяленне. Нашы Гомель і Магілёў у ачмурэнні былі, ў зняменні. Акадэмік Ільін дзяцей паляшуцкіх забойца. «Дзе жылі, там жывіце; радыяцыі, друг мой, не бойся. У чатыры разы можна ў вас павялічваць дозы». Ён – агент МАГАТЭ, не бачыць народу пагрозы. Тут начальства махнула рукой – і разбегліся медыкі ўмомант... О, мая Беларусь шматпакутная, гэта ўсё нам знаёма, знаёма! I ўсё, што нам добрыя людзі ад сябе адарвалі, сабралі. Члены фондаў і камітэтаў усё расцягнулі, раскралі. А японскі прафесар Гюкесато Агледзеў дзяцей нашых у скрусе. «Бяда ў вас вялікая, беларусы. А МАГАТЭ наша хлусіць». Пагладзіў льняныя галоўкі, нібы развітаўся з усімі. «Мне шкада беларускіх дзяцей – гэта горш Хірасімы». Вось так паядналіся гісторыя з геаграфіяй. Па ўсёй зямлі разбойнічае атамная мафія. А тут з Генштаба арлы наш плач заглушылі клёкатам: «Вы – народ гераічны, тут вораг лажыўся покатам». ...Вось, кажуць, палова краіны атрутным засыпана попелам, А вашы лясы партызанскія спрадвеку смалістыя, цёплыя. I тут генштабісты знайшлі раўнавагу адразу. Стаяць у лясах Беларусі – дваццаць тры ракетныя базы. Да іх назапашана безліч ракет. Усюды ўсялякія базачкі. Мацней мы за НАТО па ўсіх і ўсялякіх паказчыках... І дзе вы, крыніцы крыштальныя? І дзе вы, суніцы, чарніцы? Нас зноў абдурылі ваенныя чараўніцы. I я веру бабкам старэнькім, што Богу пра лёс свой усё жаляцца, Што свету канец набліжаецца. Уся Беларусь ад Чарнобыля да сцежак і мінскіх, і брэсцкіх Закладзена д’яблу і мафіі. Ніхто ў тым не разбярэцца. Скажыце мне, добрыя людзі, а праўда, што свету канец? Я плачу над лёсам сваёй Беларусі, сівы і бязногі баец.\\ \\ Крыніца: Панчанка П. Высокі бераг: Вершы, эсэ. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 239 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-папярэджанне]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-аб-самым-смачным]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-перасцярога]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-санеты-чарнобыля]]