~~META: title = Пімен Панчанка — Развітанне &keywords = Панчанка, развітанне, мова &abstract = Чытаць верш "Развітанне" Пімена Панчанкі &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Развітанне ====== Вялікая дзяржава —\\ Вялікая ідэя.\\ I ўсё ж, таварыш мой,\\ Мазгамі шавяльні:\\ Каля агню братэрства\\ Растуць і ліхадзеі\\ I расцвітае\\ Вялікадзяржаўны шавінізм.\\ \\ Малыя народы —\\ Як грошы разменныя ў касах.\\ На бронзавых конях\\ Усюды сядзяць палкаводцы:\\ То пакарэнне Каўказа,\\ То высяленне Каўказа,\\ То Беластоцкая вобласць,\\ То ваяводства.\\ \\ Якія б войны\\ У нас ні перакатваліся,\\ I як бы акупанты\\ Ні дратавалі зямлю,\\ Рана ці позна\\ Народы распраўляліся з катамі,\\ I зноў аралі-сеялі;\\ I гаварылі: «Люблю».\\ \\ Пахлі нашы пожні\\ Мятаю і рутаю,\\ А цяпер\\ Пасля аграхімічных праполак\\ Пахне глеба гербіцыдамі,\\ А вада атрутаю.\\ У рацэ — ні плотак, ні язёў,\\ Ні ў жыце перапёлак.\\ А нашы псеўдаасветнікі,\\ Сабраныя на канцылярскіх сметніках,\\ Магутныя бюракраты\\ Уласным сцверджанням рады:\\ «Гаворыш па-руску —\\ Iнтэрнацыяналіст;\\ Гаворыш па-беларуску —\\ Нацыяналіст.\\ Вучы дзяцей французскай,\\ Ангельскай, эсперанта,\\ Але не беларускай...» —\\ \\ Палохаюць піраты.\\ І адвучылі\\ Дзяцей і бацькоў,\\ I адлучылі\\ Ад родных народных слоў.\\ \\ Вучоны невук\\ Ці дурнаваты крытык,\\ Якія паэзію\\ Не разумеюць і не адчуваюць,\\ То ў жанры даносу,\\ То пагардліва адкрыта\\ Мяне з году ў год\\ Ушчуваюць:\\ \\ «Каму патрэбна\\ Тваіх маніфестаў рыторыка?\\ Трэба пра шчасце пісаць\\ I далі прасторныя».\\ А я журуся:\\ Мала ў Беларусі\\ Разумных гісторыкаў,\\ Якія любяць і ведаюць\\ Родную гісторыю.\\ \\ Закрэслілі б невукі\\ Мары усе залатыя:\\ «Знікае ўсё:\\ І вучэнні, і мовы, і веры.\\ Сёння Рым размаўляе\\ Не на латыні,\\ А Афіны гавораць\\ Не на мове Гамера».\\ \\ Мы спазніліся\\ На сотні, напэўна, гадоў,\\ А можа,\\ На цэлае тысячагоддзе,\\ Мы забылі пра вольнасць\\ Старажытных сваіх гарадоў.\\ Наш цягнік адышоў.\\ Знікла родная мова\\ Ў народзе.\\ \\ У кожнага ёсць\\ Свае рэкі —\\ Ці Дняпро, ці Нёман,\\ Ціхі Дон, ці раз’юшаны Енісей.\\ У сваіх парадзелых лясах\\ Я не чую\\ Ўсхвалёваны гоман,\\ А рака памутнелага часу\\ Нас нясе, і нясе, і нясе...\\ \\ Пастаю я самотна\\ Каля полацкай белай Сафіі.\\ Паблукаю ў Гародні,\\ Пажуруся ў турава-пінскім Палессі,\\ А вочы мае ўжо не плачуць — Сухія-сухія:\\ Не чутно мне з былога\\ Ні грому.\\ Ні звону.\\ Адны толькі казкі\\ Ды песні...\\ \\ Родны Янка Купала,\\ Вы пісалі:\\ «Я веру — настане...»\\ Дарагі мой Іван Дамінікавіч,\\ Не, не настане!\\ Гэта ўжо не світанне,\\ Гэта наша настала змярканне,\\ Гэта з мовай маёй,\\ Гэта з песняй маёй\\ Развітанне. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]]