~~META: title = Пімен Панчанка — Прысніўся сон &keywords = клёнам, знік &abstract = Чытаць элегію Пімена Панчанкі "Прысніўся сон" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Прысніўся сон ====== Навошта ты прысніўся, Глебка, мне,\\ Не то ў зары, не то ў сцягах чырвоных?\\ Жылі з табой мы на зямлі чароўнай,\\ І ты раптоўна знік, нібыта ў сне...\\ Прамоўца і застольны чараўнік,\\ У снежаньскай маўклівасці ты знік.\\ \\ І мне зіму страчаць усё цяжэй,\\ Гадзіннікі ўсе цікаюць цішэй –\\ Тут не памогуць лекі і замовы.\\ Відаць, і я памру у час зімовы.\\ І падыбае мала хто за мною,\\ За жалкай абалонкаю зямною.\\ \\ Навошта ім дыбаць, трэ пра жывое дбаць,\\ І раны ў кожнага свае, і ўсе баляць,\\ Адным гарэць, а іншым дагараць,\\ Адным рабіць, астатнім – зарабляць...\\ І дзе мяжа паміж «было» і «ёсць»,\\ І дзе ты – гаспадар, а дзе ты – госць?\\ \\ Успомніце, таварышы-сябры,\\ Нікога не штурхаў я пад абрыў,\\ Не мыліў шыю і галоў не брыў,\\ Ганебныя даносы не кляпаў,\\ Магілы я нікому не капаў\\ І з неба вашых зорак не хапаў.\\ \\ Бываў часамі рэзкі, часам грубы.\\ Смылелі, як абвугленыя, губы,\\ Калі я ў некім бачыў подлы фальш,\\ А чмут віно каўтаў ды налягаў на фарш.\\ Як шчыра хлусіць, аж перажагнецца!\\ Глядзіш – ізноў уверх махляр праб'ецца.\\ \\ Калісьці Гоя маляваў ляніўцаў.\\ Яму я не раўня.\\ А пра зласліўцаў\\ І плеткароў не хочацца пісаць:\\ Ім сняцца грошы, пышната пасад.\\ Ліслівыя смаўжы, яны бываюць лютымі,\\ Задушаць ці апырскаюць атрутаю.\\ \\ І так да скону муцяць, круцяць-верцяць...\\ Пра што цяпер ім марыць?\\ Пра бяссмерце.\\ Гатовыя на ўсё: шумець высокім клёнам\\ Ці дубам векавечным і зялёным.\\ Не выйдзе клёнам – выб'юцца травой\\ Ці помнікам –\\ Табе, нашчадак мой,\\ Ківаць пачнуць глінянай галавой.\\ \\ 1972 ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/элегія]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-ой-не-гніце-ветры]] * [[творы/максім-багдановіч/не-кувай-ты-шэрая-зязюля]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-элегія]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-элегія]]