~~META: title = Пімен Панчанка — Простыя ісціны &keywords = Панчанка, простыя, ісціны &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Простыя ісціны" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Простыя ісціны ====== Мы ўсе аматары амністый,\\ I патуранняў, і спагад.\\ Няма складаней простых ісцін,\\ Што «пройдзеш свет, але назад...».\\ \\ Я свет няпраўдай не праходзіў,\\ Быў часам тлум у галаве —\\ То бузіна расце ў гародзе,\\ То дзядзька ў Кіеве жыве.\\ \\ Бог зберагае беражоных —\\ Сівая прымаўка бабуль,\\ А на ражон не лезь піжонам,\\ I не кажы ты «гоп» пакуль...\\ \\ I хоць не хочаш — заякочаш,\\ Калі, кума, ты падпіла.\\ Вышэй пупа, брат, не падскочыш,\\ Хоць з’еш вала — адна хвала.\\ \\ I хай ты будзеш вельмі сыты\\ I на патэльні тук падскроб,\\ А ўсё-ткі і вала з’ясі ты\\ I нечакана скажаш «гоп».\\ \\ Так век жыві і век вучыся,\\ Не плюй у студню... Гэта так...\\ Як доктар, сам лепш палячыся\\ I на ўсе рукі будзь мастак.\\ \\ Час нашы беды перамеліць,\\ Сыны цыбатыя растуць,\\ Яны і самі зразумеюць\\ Складаных ісцін прастату. \\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]]