~~META: title = Пімен Панчанка — Паэзія &keywords = народ, паэзія, вершы, першай, вочы, матчыны, паэты &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Паэзія" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Паэзія ====== 1\\ Абывацель гавора,\\ А нехта ўжо ў паніцы:\\ Паэты – фантазёры,\\ Пустазвоны і п’яніцы.\\ \\ Паэты – эгаісты,\\ Да славы раўнівыя.\\ А як жа загаіцца\\ Сэрцу ранімаму?\\ \\ Кажуць, непатрэбшчына –\\ Рыфмы нават геніяў.\\ А што рабіць з трэшчынай?\\ Помніце? Гейнэ.\\ \\ А што ваша маці спявала,\\ Калі вас калыхала:\\ Дысертацыі, рэфераты?\\ Былі вы песеньцы рады.\\ \\ Народ – пясняр, народ – паэт.\\ Народ без паэзіі? Недарэчнасць.\\ Паэзія – самы няўлоўны сакрэт,\\ Які не будзе нікім рассакрэчаны.\\ \\ 2\\ Паэзія – гэта пакута і радасць,\\ Праклён і бязлітаснасць, споведзь і гордасць,\\ Вогненны сцяг над барыкадай,\\ Цішыня травы і рыканне горада;\\ \\ Гэта вар’яцтва і гэта мудрасць,\\ Розум і ачышчэнне;\\ Плаванне ў рэках бурлівых і мутных\\ I зоркі далёкай свячэнне;\\ \\ Гэта чаканне каханай дзяўчыны\\ Сцюжы і здрадзе наперакор;\\ Гэта душы найвышэйшая шчыльнасць\\ I задыханне, разрэджанасць гор;\\ \\ Гэта трывога за касманаўта\\ I ручаіны жаночых рук;\\ Чыстая, з самага донца праўда,\\ Сэрца дзіцячага здзіўлены стук;\\ \\ Гэта ныранне ў прасторы марскія,\\ Гэта палёты ў заўтрашні век.\\ Гэта здабыткі і мары людскія,\\ Крыўды і страты твае, чалавек;\\ \\ Цень трапяткі ад абеліска\\ Каля дарогі пад чорнай сасной;\\ Матчыны вочы над першай калыскай,\\ Матчыны вочы над першай труной;\\ \\ Вера у шчасце, з няпраўдай змаганне,\\ Чорнае неба і сонца ў расе;\\ Гэта спрадвечныя нашы пытанні,\\ Гэта адказы, ды толькі не ўсе...\\ \\ Вось і блукай апантаны па лесе,\\ Як і твой прадзед калісьці блукаў...\\ \\ Каб жа я знаў, што такое паэзія,\\ Гэтыя б вершы не напісаў. \\ \\ Крыніца: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. – Мн.: Маст. літ., 1982. – 351 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-паэзія-беларусі]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-беларуская-паэзія-яе-тэмы-і-воб]]