~~META: title = Пімен Панчанка — Ода пешаходу &keywords = сады, знаёмых &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Ода пешаходу" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Ода пешаходу ====== Без дачы, без аўтамабіля\\ Жыццё пражыў.\\ I дай мне бог\\ Астатнія адмераць мілі\\ Пры дапамозе ўласных ног.\\ \\ Ідзеш, знаёмых сустракаеш,\\ З табой усе турботы дня.\\ Жывеш, працуеш, адчуваеш,\\ Што землякам ты ўсім радня.\\ \\ А што ў машыне? Мільгаценне...\\ Лятуць сады, дамы, гаі,\\ Снуюць у шкле людскія цені...\\ А вечны страх перад ГАІ?\\ \\ Сустрэў знаёмых выпадкова,\\ Гулі гадзіну іх басы\\ Пра «Запарожац» нейкі новы,\\ Пра гаражы ды тармазы.\\ \\ Пытаюся: ну як унукі?\\ Не разумеюць ні мур-мур.\\ Адзін другому ціснуць рукі:\\ I так, заклёпана. Ажур.\\ \\ Таемнае людское шчасце:\\ Не спіць, худнее і дрыжыць,\\ За дэфіцытныя запчасткі\\ Гатоў ён жонку залажыць.\\ \\ Да вандраванняў не пагасла\\ Мая любоў... Але цяпер\\ Не сяду нават на Пегаса,\\ Ён шмат бяды перацярпеў.\\ \\ А лепей з моладдзю ў паходы\\ На рэкі, у лясы, сады.\\ Няхай зайздросцяць пешаходам\\ Аўтамабільныя зады.\\ \\ 1975 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]]