~~META: title = Пімен Панчанка — Не спявай мне песню пра арэлі... &keywords = Панчанка, спявай, мне, песню, арэлі &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Не спявай мне песню пра арэлі..." &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Не спявай мне песню пра арэлі... ====== Не спявай мне песню пра арэлі\\ I пра сон дзяўчыны на зары...\\ Азвярэлі людзі, азвярэлі.\\ Вы даруйце, добрыя звяры.\\ Не знаёмы вам злачынцаў сродкі:\\ Трэба толькі ежа вам, не кроў...\\ Б’юць жанчын цяжарных,\\ Рэжуць глоткі,\\ Забіваюць, п’яныя, бацькоў.\\ Прагныя, пачварныя істоты\\ Б’юць з-за грошай, рэчаў залатых.\\ Восень...\\ Парыжэла ўся лістота,\\ Паніжэлі голыя сады.\\ Мудрыя народныя асновы,\\ Мы без вас у жорсткасці згарым!\\ Кожны год да нас прыходзіць новым,\\ Адыходзіць змрочным і старым.\\ Ад нявер’я і тугі не плачу,\\ Веру:\\ Дабрыня людская ёсць —\\ Толькі ў працы з поўнаю аддачай,\\ I ў каханні шчырым і гарачым,\\ I ў вачах даверлівых дзіцячых,\\ Дзе яшчэ не начавала злосць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]]