~~META: title = Пімен Панчанка — Не люблю я слова «пакарыцель»... &keywords = пакарэнне, люблю, слова &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Не люблю я слова «пакарыцель»..." &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Не люблю я слова «пакарыцель»... ====== Не люблю я слова «пакарыцель»,\\ Не люблю я слова «ўладар»,\\ Вось зямля зялёная – бярыце\\ Для жыцця, і працы, і для мар.\\ \\ Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам\\ На падзеі, па душы жывой.\\ Пакарэнне пахне трохі рабствам,\\ Карай, і рабункам, і крывёй.\\ \\ Пакарыць хацелі нас,\\ I мукі\\ Спаленай Хатыні – не забыць.\\ Для людскога шчасця, для навукі\\ Хочацца і лётаць, і рабіць.\\ \\ Сваякі Міклухі, а не Стэнлі,\\ Мы асвоім шмат і абжывём,\\ Пракладзём дарогі праз пустэльні,\\ Гнёзды салаўіныя саўём.\\ \\ Пакарэнне – гэта не карэнне\\ Будучых прасветленых эпох.\\ Для стварэння лепшых пакаленняў\\ Трэба помніць гора ўсіх дарог.\\ \\ Акіян і космас вывучайце\\ З добрым сэрцам,\\ А яшчэ прашу:\\ Пакідайце і буслу, і чайцы\\ Больш вады і неба на душу. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]]