~~META: title = Пімен Панчанка — Не адцураюся, не адракуся &keywords = роднай, адцураюся, адракуся, Беларусь &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Не адцураюся, не адракуся" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Не адцураюся, не адракуся ====== Дружа Быкаў,\\ Не трэба ніякіх сенсацый:\\ Я – сірата\\ Без маёй Беларусі.\\ Ад роднай мовы,\\ Ад роднай нацыі\\ Не адцураюся,\\ Не адракуся!\\ \\ Я не журуся\\ Пра казачны век залаты,\\ Я не захоплены\\ I старажытнасцю моднаю...\\ I напісаў не аб тым я,\\ А толькі аб тым:\\ З ласкі чыноўнікаў\\ Родная мова ў намордніку,\\ \\ А былі ж партызаны,\\ Пераможна грымелі баі,\\ Гарэла зямля\\ Пад нагой акупантаў.\\ Падмянілі народ:\\ Былі ў нас працавітыя ўсе,\\ А цяпер – гультаі, халуі...\\ I на горкую памяць\\ Падкінулі нам Курапаты.\\ \\ Куды падацца\\ Вучням з беларускай?\\ Ляны бюракрат\\ Затыкае ім рот.\\ Да таго ж у ВНУ\\ Праход быў занадта вузкі:\\ Па званку,\\ Па блату\\ Ці за хабар\\ Лез прабіўны народ.\\ \\ Дзеці ўжо не ведаюць\\ Родныя назвы\\ Кветак і птушак,\\ Кустоў і травы.\\ Яны не адрозняць\\ Граба ад вяза,\\ Дзе жаўна, дзе пліска,\\ А дзе журавы?\\ \\ Адлучылі ад прыроды...\\ Не шукаюць унукі слядоў\\ Ні сваіх франтавых дзядоў,\\ Ні далёкіх і страшных гадоў.\\ I рыканне кароў,\\ I рык звяроў,\\ I сусветная рок-істэрыка –\\ Толькі па тэлеку,\\ Толькі па тэлеку.\\ \\ ...Да роднай зямлі я\\ Душою і сэрцам прыкуты,\\ Куваюць зязюлі,\\ Клякочуць буслы на маёй Беларусі.\\ Ты радасць мая, Беларусь,\\ Ты гора маё і пакута,\\ I ад цябе я ніколі\\ Не адцураюся,\\ Не адракуся! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]]