~~META: title = Пімен Панчанка — Красавіцкая навальніца &keywords = зямля, усюды &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Красавіцкая навальніца" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Красавіцкая навальніца ====== Небу цёмна-сіняму і ветру\\ Скардзіліся чорныя палі:\\ "Сонцам мы вясновым абагрэты,\\ А дажджу даўно ўжо не пілі!"\\ \\ I тады прыйшлі паважна хмары –\\ Айсбергі падсонечных вышынь.\\ Гром у бубны гулкія ударыў,\\ Цішыню густую пакрышыў.\\ \\ Я люблю часіну навальніцы,\\ Калі б’е пярун па ўсіх ладах\\ I злуюцца ў хмарах бліскавіцы,\\ Кроплі асыпаючы на дах.\\ \\ А струмені звоняць, нібы струны,\\ Прагна п’е іх смяглая зямля;\\ Травы прарастуць, густыя руні\\ Забушуюць хутка на палях.\\ \\ Адгулі грымоты і замоўклі.\\ Усюды шмат срабрыстых ягад-рос.\\ Елкі цёмнагрывыя намоклі,\\ Сушаць вербы пасмы жоўтых кос.\\ \\ На зямлю блакіт праліўся – лужын\\ Шмат блішчыць усюды, а ў вадзе\\ Сонца промні зыркія варушыць,\\ Ніткі залацістыя прадзе.\\ \\ Ў сетцы дрэў ідзе птушыны мітынг –\\ У азоне спеў ярчэй грыміць.\\ А зямля абмытая дыміцца,\\ Дыхаючы поўнымі грудзьмі.\\ \\ На сустрэчу ёй выходзяць людзі:\\ "Сейбітаў, радзімая, прымай!"\\ Я па ўсіх прыкметах бачу – будзе\\ Сёлета багаты ураджай.\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]]