~~META: title = Пімен Панчанка — Кожны з нас прыпасае Радзімы куток... &keywords = Панчанка, кожны, прыпасае, Радзіма, куток &abstract = Чытаць верш "Кожны з нас прыпасае Радзімы куток..." Пімена Панчанкі &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Кожны з нас прыпасае Радзімы куток... ====== Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,\\ Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны —\\ Дым над хатай, снапамі прыціснуты ток,\\ Матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам...\\ \\ Гэта быў сорак першы палаючы год.\\ Прабіраліся мы з акружэння на ўсход.\\ У аршанскіх лясах на адной з дарог\\ Я пазнаў сярод верасу след маіх ног.\\ \\ I паклікала родная хата мяне.\\ Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі,\\ Расхінуў асцярожна кусты і знямеў —\\ Каміны... каміны... Дух пажарышча горкі.\\ \\ Развіднела. А певень людзей не будзіў.\\ Цішыня. Мёртвы попел. Ні стуку, ні груку.\\ Толькі клён, што мой бацька калісь пасадзіў,\\ Грэў на сонцы свае абгарэлыя рукі.\\ \\ Я схаваў твар у травы. I зямля, як дзіцё,\\ Да мяне прытулілася целам магутным:\\ «Дзе ж ты быў, дзе ж хаваўся ты гэтулькі дзён,\\ Што дамоў не ішоў?» — запытала ледзь чутна.\\ \\ Не прыпомню цяпер, што ў адказ я шаптаў —\\ Ці зямлю суцяшаў, ці пра маці пытаў.\\ Слоў вуголле злятала з патрэсканых губ,\\ I растоптаны кут быў да болю мне люб.\\ \\ Наліваліся кветкі сцюдзёнай расой,\\ I прамыла раса мае сумныя вочы,\\ Каб убачыў я ўсё, каб запомніў усё,\\ Каб я думаў пра помсту і ўдзень, і уночы.\\ \\ 1942 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>скарбы-нашай-радзімы]] * [[творы/алесь-бачыла/алесь-бачыла-радзіма-мая-дарагая]] * [[ibdc.ped>ганарымся-бацькаўшчынай]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]]