~~META: title = Пімен Панчанка — Дзеці вайны &keywords = здасца, першы &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Дзеці вайны" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Дзеці вайны ====== Ім не спявалі маткі калыханкі,\\ Яны не чулі казак ад дзядоў,\\ Палохаў іх ахрыплы голас танка,\\ Трывожыў іх журботны енк удоў.\\ \\ Яны не плакалі бяссоннымі начамі,\\ Калі ад бомбаў неслі іх у склеп.\\ І словы першыя, якім іх навучылі,\\ Былі пра немцаў, пра вайну і хлеб.\\ \\ Заціхнуць бітвы. Вораг будзе знішчан.\\ І дзеці прычакаюць таго дня,\\ Калі з-пад воблака ўпадзе на папялішчы,\\ Як цёплы дождж, густая цішыня.\\ \\ Нясмела з хат яны у поле выйдуць,\\ Каб першы раз спакойна у жыцці\\ Палюбавацца родным краявідам,\\ Паслухаць звон рачулкі у трысці.\\ \\ Пі пах лугоў, красой гаёў любуйся!\\ І ўсё ж іх сэрцы задрыжаць не раз:\\ Ім здасца самалётам першы бусел,\\ Пажарам здасца першая зара.\\ \\ Лагодны гром за дальняю дубровай\\ Напомніць ім пра жах бамбардзіровак.\\ І часта, часта ў чыстыя іх сны\\ Ўрывацца будуць галасы вайны.\\ \\ 1942\\ \\ Крыніца: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Том 1. Вершы і паэмы (1963-1981 гг.). Выбраныя пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1981. – 366 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]]