~~META: title = Пімен Панчанка — Даруй, зямля мая, за дробныя грахі... &keywords = Панчанка, даруй, зямля, дробныя, грахі &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Даруй, зямля мая, за дробныя грахі..." &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Даруй, зямля мая, за дробныя грахі... ====== Даруй, зямля мая, за дробныя грахі,\\ А буйных я не меў:\\ Адданым быў салдатам.\\ Я часам быў сляпы,\\ А часам быў глухі\\ I пеў хвалу\\ Усім чырвоным датам.\\ \\ Ці ёсць паэзія?\\ Паэзіі няма.\\ Усё закрэсліла наўкол\\ Лібералізацыя.\\ У сэрцы многіх усялілася зіма,\\ I людзі добрыя ў трамваі едуць «зайцамі»...\\ \\ А я сцвярджаю так:\\ Паэзія ў нас ёсць!\\ Яна ў дзіцячым шчабятанні зранку.\\ Калі з душы тваёй адхлыне злосць,\\ Ты здзівішся далёкаю заранкай,\\ \\ I шэлестам ліствы,\\ Па-веснавому свежай,\\ I свежасцю Максімава «Вянка»...\\ Усё табе спрадвеку тут належа,\\ Да працы добрай цягнецца рука.\\ \\ I зразумелымі стануць сны, жаданні,\\ Каханне маладых\\ I сэрцаў перастук.\\ I верыш ты, што нашы спадзяванні,\\ Як зерні жыта, хутка прарастуць.\\ \\ Зязюля пачала\\ Адлік жыцця нам строгі,\\ А ў лесе зноў пайшлі баравікі.\\ Як спіны разагнём,\\ Паразумнеем трохі\\ I злыдні не саб’юць\\ 3 народнае дарогі,\\ То нашай Беларусі\\ Жыць і жыць вякі! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]]