~~META: title = Пімен Панчанка — Вясною &keywords = шэры, лепшы, дрозд &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "Вясною" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Вясною ====== Жылы дрэў напоўніліся сокам,\\ Ручаі імкнуцца да ракі.\\ Неба стала чыстым і высокім,\\ I пяюць вясёлыя шпакі.\\ \\ Ўсё вясна старанна падлічыла,\\ Сонцам абагрэла кожны кут.\\ Паляўнічым прынясла дзічыны,\\ Рыбакам расчысціла раку.\\ \\ Рыбы абудзіліся з застою,\\ А ваўкі халодныя насы\\ Узнялі на воблака густое\\ I спрабуюць ціха галасы.\\ \\ На паляне ў светлым пералеску\\ Расцвілі налітыя расой\\ Сінія падснежныя пралескі\\ Пад аховай урачыстых хвой.\\ \\ Я пакінуў хату, кінуў вершы,\\ Блукаю па лесе, як дзівак.\\ Мяне кліча ў госці друг мой лепшы –\\ Шэры дрозд, цудоўнейшы спявак.\\ \\ Пах смалісты п'ю і не нап’юся,\\ I пад гром птушыных галасоў\\ Да бярозы белай прыхінуся, –\\ Буду прагна піць салодкі сок.\\ \\ I тады нальецца цела сілай,\\ Гэтай сілы радасць зберагу,\\ Каб яна мяне перанасіла\\ Праз бяду, і ворагаў касіла,\\ I знішчала чорную тугу. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]]